Патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Віктар Бабарыка затрыманы, паведаміў у эфіры «Беларусь-1» кіраўнік КДК Іван Церцель. Агулам па справе Белгазпрамбанку затрыманыя каля 20 чалавек.
«Бабарыка з’яўляўся непасрэдным арганізатарам, кіраўніком супрацьпраўнай дзейнасці, спрабаваў уздзейнічаць на сведкаў, схаваць сляды раней здзейсненых злачынстваў і літаральна на днях зняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў», – заявіў Церцель.
Павлодле яго, вядзецца праца па некалькіх кірунках: першы – махінацыі з векселямі на суму звыш 60 млн долараў, у выніку якіх на замежныя рахункі, нібыта былі выведзеныя вялікія сумы.
Акрамя таго, Церцель сцвярджае, што КДК выявіў «адмывачныя схемы», па якіх у замежныя банкі гэтыя сумы нібыта выводзіліся.
«У прыватнасці, адной з такіх структур з’яўляўся латвійскі банк ABLV. Згодна з дадзенымі, атрыманымі ад нашых латвійскіх калег, за некалькі гадоў у інтарэсах гэтага банку на ягоныя рахункі з рахункаў Белгазпрамбанку было выведзена больш за 430 млн долараў», – дадаў кіраўнік КДК.
Адметна, што банк ABLV быў ліквідаваны яшчэ ў 2018 годзе.
Церцель сцвярджае, што топ-мэнеджэры «Белгазпрамбанку» за хабары выдавалі крэдыты людзям з ненадзейнай крэдытнай гісторыяй, а таксама арганізоўвалі схемы з «фактычным прымусам грамадзянаў да атрымання крэдытаў».
Вядоўца «Беларусь-1» дадала, што ўсе затрыманыя даюць паказанні супраць Бабарыкі.
Ананімны тэлеграм-канал «Папаратар» паведаміў, што Бабарыка знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Паводле паплечнікаў Бабарыкі, там жа можа знаходзіцца ягоны сын Эдуард.
Паводле звестак штабу Бабарыкі, па стане на 19.00 18 чэрвеня адваката так і не дапусцілі да затрыманых раніцай Віктара і Эдуарда Бабарыкаў. Юрысты падалі скаргу на супрацьпраўныя дзеянні ў пракуратуру. У дамах сям’і Бабарыка ідуць ператрусы.
«Тое, што цяпер адбываецца з Віктарам і Эдуардам, паказвае з якім цынізмам ставіцца беларуская дзяржава да сваіх грамадзянаў. Нахабства, гвалт, шантаж, пагрозы, прыніжэнне і высмактаныя з пальца абвінавачванні – з гэтым сутыкаецца кожны грамадзянін.
Настаўнік, якога прымушаюць збіраць подпісы, працоўны, якому бясконца пагражаюць разрывам кантракту, медсястра, якую пазбаўляюць прэміі пры жабрацкай зарплаце, прадпрымальнікі і бізнесоўцы, якіх трасуць праверкамі і вымагаюць у іх хабары, пенсіянеры, якіх прымушаюць выжываць і лічыць кожную кожную капейку, міліцыянты, якіх прымушаюць парушаць закон, які яны павінны абараняць», – заявіла каманда Бабарыкі.
Віктар Бабарыка і ягоны сын Эдуард не выходзяць на сувязь з раніцы 18 чэрвеня. Яны дастаўлены ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў для правядзення следчых дзеянняў у межах справы «Белгазпрамбанку» і даюць паказанні.
Да затрыманых не пускаюць адвакатаў. У КДК спаслаліся на тое, што ў іх нібыта праходзяць «вучэнні».
Адначасова ў доме Віктара Бабарыкі праходзіць ператрус.
КА belsat.eu