У Мікалаеўскай вобласці Украіны выкрылі агентурную сетку расейскай ваеннай разведкі і спынілі яе дзейнасць. Пра гэта заявілі прадстаўнікі дэпартамента контрвыведкі Службы бяспекі Украіны на брыфінгу ў чацвер, перадае УНІАН.
Паводле СБУ, 20 снежня ўкраінскія сілавікі затрымалі кіраўніка гэтай агентурнай сеткі – грамадзяніна Украіны 1961 года нараджэння, капітана 1 рангу Узброеных сіл Украіны ў запасе, які адначасова мае расейскае грамадзянства.
«Ён быў завербаваны кадравым супрацоўнікам Галоўнага ўпраўлення Генштаба УС РФ у Севастопалі і неаднаразова выязджаў у анексаваны Крым для правядзення агентурных сустрэч», – заявіў прадстаўнік контрвыведкі.
Па заданні расейскай спецслужбы былы старэйшы марскі афіцэр і яго памагатыя ажыццяўлялі збор і перадачу інфармацыі з абмежаваным доступам пра функцыянаванне ваенных падраздзяленняў на тэрыторыі Ачакаўскага гарнізона Мікалаеўскай вобласці, а таксама іх прыцягненні да правядзення Аперацыі аб’яднаных сілаў на ўсходзе Украіны.
Супрацоўнікі СБУ таксама правялі ператрус па месцы жыхарства меркаваных агентаў і выявілі там доказы супрацы з расейскімі спецслужбамі – звесткі з абмежаваным доступам захоўваліся на кампʼютарах і флэшках.
КА, belsat.eu