«Укртатнафта» алігарха Каламойскага просіць Зяленскага не імпартаваць паліва з Беларусі


Кампанія «Укртатнафта» звярнулася з афіцыйным лістом да прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага наконт імпарту нафтапрадуктаў, якія могуць быць звязаныя з расейскімі кампаніямі, што знаходзяцца пад санкцыямі. Пра гэта паведамляе «Украінская праўда» са спасылкай на прэс-службу кампаніі.

Гаворка ідзе пра кантракт на пастаўку нафтапрадуктаў вытворчасці Мазырскага НПЗ паміж «Беларускай нафтавай кампаніі» і украінскай кампаніяй ТАА «Нафтагаз Ойл Трэйдынг». «Нафтагаз Ойл Трэйдынг» была створана ААТ «Укртранснафта» ў адпаведнасці з рашэннем НАК «Нафтагаз Украіны».

«Укртатнафта» заяўляе, што Мазырскі НПЗ мае ў акцыянерах расейскія нафтавыя кампаніі «Раснафта» і «Газпрамнафта» і на 100% залежыць ад паставак расейскай нафты.

«Раснафта» і «Газпрамнафта» знаходзяцца пад санкцыямі ў Украіне згодна з рашэннем РНБА ад 02.05.2018 года. «Укртатнафта»лічыць, што згаданыя вышэй гандлёвыя аперацыі, калі наўпрост не парушаюць закон, то з’яўляюцца па меншай меры «таксічнымі». Таму што былі ініцыяваныя фактычна ўкраінскімі дзяржаўнымі кампаніямі НАК «Нафтагаз Украіны» і ААТ «Укртранснафта» з прадпрыемствамі, якія маюць акцыянерамі санкцыйныя кампаніі, якія спрыялі анэксіі часткі тэрыторыі Украіны», – гаворыцца ў паведамленні.

У кампаніі мяркуюць, што «Укратранснафта» і НАК «Нафтагаз Украіны» такім чынам парушаюць закон Украіны «Пра нафту і газ» і закон «Пра публічныя закупы».

Ліст таксама дасланы кіраўніку Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксею Данілаву і кіраўніцтву НАК «Нафтагаз Украіна».

  • Кампанія «Укртатнафта» належыць алігарху Ігару Каламойскаму.
  • Больш за 42 % акцыяў Мазырскага НПЗ належаць расейскай кампаніі «Славнефть», якая з’ўляецца сумесным прадпрыемствам «Газпрамнафты» і «Раснафты».

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў