Расейскае выданне Lenta.ru сцвярджае, што намеснік міністра замежных справаў Беларусі Алег Краўчанка падчас нядаўняга візіту ў Вашынгтон нібыта прапанаваў правесці ў Беларусі вучэнні NATO і размесціць у краіне амерыканскіх спецыялістаў па даследаванню сацыяльных сетак і кантролю за інтэрнэтам.
Інфармацыя Lenta.ru вельмі падобная на звычайную «качку». Выданне ні на каго не спасылаецца – у артыкуле проста адзначаецца, што «па некаторых дадзеных» Краўчанка зрабіў такую прапанову. Lenta.ru дадае, што гэтыя сведчанні лічаць дакладнымі «апытаныя «Лентай.ру» эксперты» – аднак імёны экспертаў не агучвае.
Артыкул Lenta.ru прысвечаны павароту Беларусі на Захад – сцвярджаецца, што Аляксандр Лукашэнка стаміўся ад РФ і цяпер хоча стаць саюзнікам ЗША.
«Для беларускага прэзідэнта вельмі важна займець сабе саюзніка ў процівагу Расеі, якая разглядаецца ў якасці пагрозы суверэнітэту краіны. Злучаныя Штаты выдатна падыходзяць на гэтую ролю, бо пачынаючы з 2014 года крызіс у расейска-амерыканскіх стасунках толькі паглыбляецца», – піша выданне.
ІІ, belsat.eu