Федэральная гандлёвая камісія ЗША афіцыйна абвесціла пра штраф для «Facebook’у» на $ 5 млрд за выцек звестак карыстальнікаў. Пра гэта паведамляе «Associated Press».
Акрамя штрафу, заснавальнік кампаніі Марк Цукербэрг будзе несці асабістую адказнасць за прытрымліванне патрабаванням прыватнасці. У выпадку невыканання гэтых нормаў яго могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці.
Штраф у $ 5 млрд стаў рэкордным у гісторыі Федэральнай гандлёвай камісіі ЗША.
Нагадаем, што «Facebook» за апошнія дзесяць гадоў заключыў пагадненні аб перадачы звестак сваіх карыстальнікаў прынамсі з 60 кампаніямі – вытворцамі мабільных прыладаў, уключаючы «Apple», «Amazon», «BlackBerry», «Microsoft» і «Samsung».
Кампанія давала партнёрам доступ да звестак карыстальнікаў і іх сяброў без іх згоды нават пасля таго, як заявіла, што больш не будзе перадаваць падобную інфармацыю трэцім бакам.
Некаторыя партнёры «Facebook’у» мелі доступ да інфармацыі аб сямейным становішчы карыстальніка, яго рэлігійных і палітычных поглядах, а таксама аб падзеях, якія ён збіраўся наведаць.
МГ belsat.eu