Аплату праезду банкаўскімі карткамі ў трамваях Менску адменяць праз некалькі дзён. Пра гэта паведаміў агенцтву «Минск-Новости» намеснік галоўнага інжынера «Менсктрансу» Міхаіл Сладзінскі.
Прадстаўнік «Менсктрансу» адзначыў, што функцыя аплаты банкаўскімі карткамі будзе адключаная прыкладна праз тыдзень.
Паводле Міхаіла Сладзінскага, зроблена гэтага з прычыны нездавальняючых вынікаў фінансавай справаздачнасці, якая датычыць пацверджання колькасці пасажыраў, што скарысталіся паслугай.
«За сем месяцаў працы сістэмы ў нашага прадпрыемства і банку не сышліся лічбы. Сам факт, што лічбы не сыходзяцца, не можа не турбаваць. Бо гаворка ідзе не пра аднаго-двух пасажыраў, а пра дзясяткі і сотні. А гэта грошы», – сказаў ён.
Намеснік галоўнага інжынера адзначыў, што праца сістэмы можа аднавіцца толькі тады, калі з’явіцца «нейкі механізм кантролю за гэтай статыстыкай», інакш да «Менсктрансу» могуць узнікнуць прэтэнзіі з боку органаў кантролю.
З 23 траўня ў Менску быў запушчаны пілотны праект, які дазволіў аплачваць праезд у наземным транспарце з дапамогай банкаўскіх бескантактавых картак. Тэхналогіяй можна было карыстацца на трамвайным маршруце № 6, які курсуе паміж Серабранкай і Зялёным Лугам.
Праект рэалізоўваў «БПС-Сбербанк», які пры паспяховай рэалізацыі пілотнага праекту планаваў распаўсюдзіць сэрвіс на ўвесь грамадскі транспарт Менску.
МГ belsat.eu