Па факце забруджвання расейскай нафты была распачатая крымінальная справа, паведамляе «Интерфакс» са спасылкай на кампанію «Транснафта».
У «Транснафце» назвалі забруджванне нафты ў трубаправодзе «Дружба» наўмысным. У кампаніі сцвярджаюць, што хлорарганіку ўкінулі ў трубаправод праз прыватны «Самаратранснафтатэрмінал», які абслугоўвае шэраг невялікіх вытворцаў.
Следчыя дзеянні ідуць у офісах некалькіх прыватных арганізацый у Самары.
Паводле словаў дарадцы прэзідэнта «Транснафты» Ігара Дзёміна, на паседжанні ў Менску 26 красавіка былі вызначаны тэхнічныя захады па аднаўленні паставак нафты ў Беларусь і іншыя краіны.
Генеральны дырэктар «Укртранснафты» Мікола Гаўрыленка дадаў, што на паседжанні абмяркоўваліся менавіта тэхнічныя моманты, гаворкі пра кампенсацыю стратаў не вялося.
Раней «Белнафтахім» ацаніў урон ад пракачкі няякаснай нафты ў 100 мільёнаў долараў, паведамляў ТАСС.
Аб рэзкім пагаршэнні якасці нафты, якая паступае з Расеі, 19 красавіка паведамілі на беларускіх НПЗ, яны часова абмежавалі экспарт нафтапрадуктаў, уключаючы бензін. У «Транснафце» паведамілі пра падвышаную канцэнтрацыю хларыдаў у нафце і абяцалі наладзіць пастаўкі «чыстай» сыравіны.
Транзіт расейскай нафты праз забруджванне таксама спынілі Польшча і Украіна.
КА belsat.eu