Дэпутаты ад КПРФ унеслі ў Дзярждуму законапраект, дзе прадугледжаныя штрафы для чыноўнікаў – ад 10 да 30 тысяч рублёў за абразлівае і непаважлівае стаўленне да людзей з боку дзяржаўных службоўцаў.
У выпадку паўторных правапарушэнняў і за асаблівую грубасць парламентарыі прапаноўваюць дыскваліфікацыю на тэрмін да трох гадоў.
Гаворка ў законапраекце ідзе пра абарону грамадзянаў, якім споўнілася 18 гадоў. На журналістаў і блогераў законапраект не распаўсюджваецца.
Днямі кіраўнік адміністрацыі башкірскага гораду Сібай, дзе гарыць закансерваваны кар’ер горна-абагачальнага камбінату і норма дыяксіду серы ў паветры перавышаная ў 23 разы, прысароміў гараджанаў за зварот да Пуціна. Арганізатара сходу чыноўнік назваў «экскрэментам» і «крымінальнай мордай».
У Беларусі падобных пакаранняў для чыноўнікаў не прадугледжана, хоць у публічную прастору не раз траплялі і рэзкія выказванні самога кіраўніка Беларусі.
Лукашэнка называў беларусаў «паскуднымі» і «расейцамі са знакам якасці», былога кіраўніка Еўракамісіі Барозу «казлом», а Януковіча злавіў на «вашывасці». Дастаецца і ягоным падначаленым.
ДР belsat.eu