Марʼінагорскі шпіталь адным з першых у Беларусі прадставіў новую платную паслугу – экспрэс-тэст для выяўлення антыцелаў да COVID-19. Медыкі ў Марʼінай Горцы абяцаюць, што вынік будзе агучаны праз 10 – 15 хвілінаў.
У Марʼінагорскім шпіталі зʼявілася новая паслуга – экспрэс-тэст для выяўлення антыцелаў да COVID-19. Скарыстацца паслугай можа кожны ахвочы. На сайтах іншых шпіталяў і больніц у Беларусі інфармацыі пра такую паслугу пакуль няма.
Раней міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік анансаваў, што ў бліжэйшы час у Беларусь паступяць тэсты на наяўнасць антыцелаў да COVID-19. Першую партыю размяркуюць па медустановах.
Паводле міністра аховы здароўя, кошт тэсту – каля 4,2 долара ЗША ў эквіваленце.
Таксама Міністэрства аховы здароўя плануе ў некаторых раёнах краіны правесці цэнтралізаваныя даследавання ўсіх пацыентаў, якія знаходзіліся на бальнічным у апошнія два месяцы з ВРВІ.
СК belsat.eu