Зараз жанчына знаходзіцца ў СІЗА КДБ, паведамляе штаб магчымага кандыдата ў прэзідэнты.
Святлану Купрэеву затрымалі раніцай 11 чэрвеня супрацоўнікі ДФР у сябе ў хаце. Паводле сяброўкі Святланы, супрацоўнікі ДФР патрапілі ў кватэру прадставіўшыся ЖЭСам.
Як паведамляе штаб Віктара Бабарыкі, там яны пачалі праводзіць ператрус на вачах у 81-гадовай матулі Святланы, а саму яе без рэчаў і зменнай вопраткі ўвезлі. Толькі ўвечары 11 чэрвеня сяброўцы жанчыны паведамілі, што яна знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
На наступны дзень 12 чэрвеня Купрэева была дапытаная, аднак з СІЗА яе не адпусцілі. Не выпусцілі і праз 72 гадзіны. Гэта значыць, што яе заключылі пад варту. Аб гэтым супрацоўнікі ДФР не паведамілі ані сваякам, ані сябрам Святланы.
«Святлана Купрэева ніколі не працавала ў «Белгазпрамбанку», «ПрыватЛізінгу», «Кентаўры», «Кампары». З менеджарамі гэтых арганізацыяў яна аніякімі стасункамі не звязаная. Аднак Святлана зʼяўляецца сяброўкай сямʼі Віктара Бабарыкі і чальцом ягонай ініцыятыўнай групы, каардынатаркай па адным з раёнаў Менску», – гаворыцца ў прэс-рэлізе на старонцы.
Зараз да Святланы Купрэевай не пускаюць адвакатаў, спасылаючыся на эпідэміялагічную сітуацыю ў краіне. Скаргі таксама не былі разгледжаныя.
На момант публікацыі адбываўся перапіс і арышт маёмасці Святланы па месцы ейнага жыхарству. У штабе Бабарыкі адзначаюць, што гэта не адзіныя выпадкі затрымання чальцоў ягонай ініцыятыўнай групы.
КТ belsat.eu