Актывіста Дзмітрыя Паліенку, якога з самай раніцы пільнавалі міліцыянты, затрымалі 8 ліпеня ў судзе, паведамляе «Вясна».
У 7:00 у двор, дзе пражываюць Дзмітрый і Наста Паліенкі, увайшлі некалькі міліцыянтаў у цывільным. Яны прапанавалі актывісту «выйсці і пагаварыць», але пра мэты размовы не паведамілі.
У адказ на патрабаванне паказаць павестку, двое з іх з’ехалі ў Першамайскі РУУС і неўзабаве прывезлі павестку, у якой пазначана, што Паліенку трэба з’явіцца ў 15:00 8 ліпеня для правядзення «праверачнага мерапрыемства» ў Маскоўскі РУУС. Пакінуўшы павестку Насце, міліцыянты з’ехалі.
Opublikowany przez Наста Полиенко Środa, 8 lipca 2020
А ў судзе Першамайскага раёну ў 10.00 пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы Паліенкі паводле артыкулу 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаванай масавай акцыі) за фота з рондалем, якое ён выклаў у сацыяльныя сеткі.
Актывіст пазнаёміўся з матэрыяламі справы толькі ў судзе. Падчас азнаямлення міліцыянт груба сарваў з заплечніка Дзмітрыя плакат з надпісам «Такіх як я 97%». Суддзя накіравала пратакол на дапрацаванне. Але ў перапынку міліцыянты заблакавалі ў калідоры суду ўсіх прысутных – і Паліенку, і яго адваката, і слухачоў, каб ніхто не мог выйсці, і перапісалі пратакол. Цяпер у ім напісана, актывіст у сацыяльных сетках 23 чэрвеня заклікаў выходзіць увечары на балкон і грымець рондалямі. Пасля гэтага ўсіх загналі назад у судовую залу.
Пасля чарговага перапынку для азнаямлення з пратаколам, Паліенка сказаў, што не згодны з пратаколам і адмовіўся далей удзельнічаць у судовым пасяджэнні. Па дарозе да выхаду яго схапілі шэсць амапаўцаў і гвалтоўна пацягнулі ў міліцэйскую машыну. Яго звезлі ў невядомым кірунку, хоць працэс яшчэ не скончыўся.
Ціск на актывістаў працягваецца
Раніцай 8 чэрвеня стала вядома, што стваральніцу чату «Страны для жизни» Маскоўскага раёну Менску Юлію Гаўрылаву выклікаюць у міліцыю «паразмаўляць».
Таксама ўдома ў адміністратара браслаўскага каналу «Страны для жизни» Канстанціна Далецкага пачаўся ператрус. У яго канфіскоўваюць камп’ютарную тэхніку і SIM-карту.
МГ belsat.eu