З 24 кастрычніка ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі пачне працаваць часовая экспазіцыя «Вольныя з вольнымі, роўныя з роўнымі», зарганізаваная Польскім Інстытутам у Менску.
Як паведамілі ў музеі, выстава прысвечаная 450-годдзю падпісання ў 1569 годзе Люблінскай уніі паміж Каралеўствам Польскім і Вялікім Княствам Літоўскім, што паклаў пачатак Рэчы Паспалітай.
Выстава будзе працаваць па 13 лістапада. На ёй можна будзе пабачыць гістарычную рэканструкцыю акту Люблінскай уніі са збору Музею гісторыі Польшчы. А выява аднайменнай карціны Яна Матэйкі 1869 года пры дапамозе дапоўненай рэальнасці дазваляе зразумець гістарычныя рэаліі і акалічнасці падпісання дакументу.
Арыгінал акту Люблінскай уніі знаходзіцца ў Галоўным архіве старажытных дакументаў у Варшаве і недасяжная шырокай грамадскасці з прычыны спецыфічных патрабаванняў да захавання. Таму была створаная яго дакладная гістарычная рэканструкцыя, якая паўтарае матэрыялы і тэхналогію вырабу арыгінала. Стварэнне копіі заняла каля двух гадоў.
МГ belsat.eu