У Менску пʼяны кіроўца заснуў падчас складання пратаколу


Курʼёзны выпадак здарыўся падчас працы супрацоўнікаў сталічнай службы ДАІ.

Пʼяны кіроўца спачатку здзейсніў ДТЗ, а пасля заснуў падчас складання пратаколу. Пра гэта паведаміла старэйшы інспектар па агітацыі і прапагандзе аддзелу ДАІ Маскоўскага РАУС Менску Любоў Трапашка.

П’яны кіроўца пасля ДТЗ

ДТЗ адбылося 19 ліпеня каля 18-й гадзіны на скрыжаванні вуліцаў Брыля і Сапегі. Кіроўца аўта «KIA», які спыніўся на чырвонае святло, адчуў удар у багажнік. Як высветлілася, у аўта ўрэзаўся «Citroen». Кіроўца, які быў вінаваты ў ДТЗ, быў відавочна пʼяны.

«Супрацоўнікам ДАІ, якія прыбылі па выкліку, кіроўца «пад мухай» адмовіўся патлумачыць, куды ён ехаў і што піў. Адзінае, стала вядома, што аўта належыць ягонай жонцы», – адзначыла Любоў Трапашка.

Пры сабе парушальнік не меў пасведчання кіроўцы. Супрацоўнікі ДАІ высветлілі, што ў 2010 годзе мянчук (1983 года нараджэння) ужо пазбаўляўся пасведчання кіроўцы за тое, што ездзіў у нецвярозым выглядзе.

Медычнае абследаванне паказала 2,41 праміле алкаголю ў крыві пʼянага кіроўцы (столькі фіксуецца пасля ўжывання прыкладна 1,5-2 бутэлек гарэлкі ў залежнасці ад стану здароўя асобы).

На віноўніка склалі тры пратаколы, падчас афармлення якіх ён заснуў у патрульнай машыне. Па сукупнасці яму пагражае да 5 гадоў пазбаўлення права кіраваць усімі відамі транспарту і штраф да 130 базавых.

НМ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў