Касцёл раіць асвячаць велікодныя стравы дома.
8 красавіка Курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі адмяніла сёлетняе бласлаўленне велікодных страваў у сталічных парафіях.
Бласлаўленне вырашылі адмяніць, каб пазбегнуць збору вялікай колькасці людзей у касцёлах, што зазвычай адбываецца падчас асвячэння велікодных страваў біскупамі.
Акрамя таго, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч спецыяльным Дэкрэтам дазволіў вернікам зрабіць бласлаўленне велікодных страваў у хатніх умовах.
«Калі не атрымалася благаславіць велікодныя стравы ў святыні, сёлета гэта можа зрабіць дома бацька сям’і або старэйшая асоба», – паведамляе catholic.by.
Пасля таго, як на традыцыйнае святочнае снеданне збярэцца ўся сям’я, на стале запальваецца свечка і гучыць традыцыйнае велікоднае прывітанне «Хрыстос уваскрэс! Алілуя!».
Потым хтосьці з прысутных чытае ўрывак з Евангелля паводле Мацвея, у якім апавядаецца пра тое, як раніцай жанчыны прыйшлі да магілы і першымі даведаліся ад анёла, што Хрыстос уваскрэс.
Пасля Евангелля старэйшая асоба або бацька сям’і прамаўляе малітву бласлаўлення, якую можна спампаваць ТУТ. Затым усе разам моляцца: Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу… (тэкст малітваў ТУТ).
Супольная малітва завяршаецца знакам крыжа.
ЮВ belsat.eu