Раніцай 16 верасня паліцыя Марыупаля знайшла застрэленым у пад’ездзе аднаго з жылых дамоў баевіка ДНР Рамана Джумаева, якога нядаўна выпусцілі з украінскай турмы пад хатні арышт.
Пра гэта паведамляе кіеўскае выданне lb.ua са спасылкай на крыніцы ў праваахоўных органах. На гэты момант паліцыя высвятляе абставіны здарэння.
5 жніўня суд Кастрычніцкага раёну Марыупалю пастанавіў адпусціць пад хатні арышт Рамана Джумаева разам з яшчэ адным баевіком – абодвух вінавацілі ва ўдзеле ў тэрарыстычнай групоўцы і НВФ, гвалце ў дачыненні працаўніка праваахоўных органаў (арт. 258-3, 260 і 345 КК Украіны). Максімальнае пакаранне для ўдзельніка незаконнага ўзброенага фармавання магло скласці да 15 гадоў турмы.
Джумаеў – украінец, нарадзіўся ў 1991 годзе ў Марыупалі. Летам 2014 году пайшоў ваяваць на бок «ДНР» у складзе інтэрбрыгады «Пятнашка». Ён прайшоў баі пад Дэбальцава і ў раёне Данецкага аэрапорту. Летам 2015 года баявік пакінуў Данбас і пераехаў жыць да сваякоў у Беларусь. Амаль год ён прапрацаваў менеджарам продажаў у Мар’інай Горцы пад Менскам.
Ніякай увагі беларускіх праваахоўных органаў Джумаеў на сабе не адчуваў. Пра гэта ён распавядаў у інтэрв’ю радыё «Свабода» ў сакавіку 2016-га.
«Нашых тут шмат», – сцвярджаў баявік у адказ на пытанне журналіста, ці не баіцца ён экстрадыцыі ва Украіну, бо на той момант як мінімум адна крымінальная справа ў дачыненні да яго там ужо была распачатая.
Аднак Джумаеў здолеў вярнуцца ў Марыупаль самастойна. З верасня 2017 да траўня 2018 года ён быў пад вартай, але потым яго выпусцілі пад хатні арышт. За некалькі месяцаў на волі той нават паспеў адкрыць уласны бізнес: без дазволу ўладаў паставіў на вуліцы кіёск. Калі ў 2018 годзе кіёск дэмантавала паліцыя, Джумаеў пырснуў газавым балончыкам і напаў на паліцыянта, а таксама на ветэрана АТА, за што быў зноў затрыманы.
Сёлета ў жніўня яго ў чарговы раз адпусцілі з СІЗА пад хатні арышт. Пра апошняе паведамляў марыупальскі актывіст Аляксей Ліпірыдзі са спасылкай на Адзіны рэестр судовых рашэнняў Украіны.
Версіі забойства Джумаева праваахоўныя органы Украіны пакуль не агучвалі.
КА belsat.eu