Пра ўспышку каронавіруса ў Веснаўскім доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, што ў Глускім раёне Магілёўскай вобласці, паведаміў ірландскі тэлеканал RTE.
Кіраўніца Міжнароднага фонду «Дзеці Чарнобыля» Эдзі Рош (Adi Roche) распавяла ірландскім журналістам, што ў Веснаўскім доме-інтэрнаце 23 асобы заразіліся каронавірусам. Фонд ужо 20 гадоў дапамагае гэтаму дому-інтэрнату.
Прадстаўніца фонду паведаміла, што некаторыя дзеці «ужо моцна хворыя» («extremely ill»). Паводле яе, каронавірусам заразіліся 13 дзяцей са слабым імунітэтам і 10 супрацоўнікаў інтэрнату.
«Іх [дзяцей] шанцы на выжыванне будуць вельмі нізкімі», – кажа Рош.
Эдзі Рош цвердзіць, што ў дзіцячым доме няма лекаў ад кашлю, абязбольваючых і антысептыкаў.
Паводле крыніцы TUT.BY, каронавірус выявілі ў 28 дзяцей і ў 8 супрацоўнікаў інтэрнату.
Датэлефанавацца да кіраўніцтва дому-інтэрнату Belsat.eu не ўдалося.
ЮВ belsat.eu