У Лёзне (Віцебская вобласць) 30 красавіка памёр краязнаўца і рэжысёр мясцовага народнага тэатру Генадзь Цыганкоў. Пра гэта паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на віцебскага рэжысёра Ігара Баярынцава.
Паводле суразмоўцы РС, у 57-гадовага рэжысёра народнага тэатру Генадзя Цыганкова быў каронавірус. Да таго ж ён меў хранічную хваробу – цукровы дыябет.
«Наша Ніва» са спасылкай на знаёмых сям’і Цыганкова піша, што жонка рэжысёра таксама шпіталізаваная. Спачатку ў іх абаіх выявілі каронавірус, але апошні тэст мужчыны нібыта даў адмоўны вынік. Калегам Генадзя таксама рабілі тэст. Іх вынікі пакуль не вядомы.
Як адзначае Баярынцаў, Цыганкоў са сваімі спектаклямі неаднаразова ўдзельнічаў у абласных фестывалях тэатральнага мастацтва, шмат гастраляваў. Арганізоўваў раённыя тэатральныя фестывалі і аказваў неацэнную дапамогу вясковым тэатральным калектывам. Таксама Цыганкоў быў вядомы як краязнаўца.
ІІ belsat.eu