У Крупках затрымалі Іллю і Кацярыну Бандарэнкаў. Міліцыянты даставілі іх у Барысаўскі РАУС і ладзяць допыт, распавёў «Белсату» бацька затрыманых Аляксандр Бандарэнка.
У Крупкі да сям’і Бандарэнкаў міліцыянты з Барысава прыехалі на трох аўтамабілях. Сярод сілавікоў былі шмат афіцэраў ад маёра да палкоўніка, а таксама нават узброеныя міліцыянты.
«Казалі, што забяруць сына паводле нейкага эканамічнага злачынства. Сын зачыніўся ў адным з пакояў. Але міліцыянты гатовыя былі нават выламаць дзверы. У выніку дзяцей забралі. Я так разумею, што хочуць запалохаць, бо заўтра ў Крупках адбудзецца мітынг Святланы Ціханоўскай. Мітынг адбудзецца а 16 гадзіне, але нас выклікалі на 15 гадзіну, каб мы не змаглі патрапіць на пікет», – распавёў Аляксандр Бандарэнка.
Кацярына Бандарэнка яшчэ падчас збору подпісаў за Ціханоўскую трапляла пад «размовы з участковым». Ілля Бандарэнку ўсё яшчэ трымаюць у пастарунку, у той час як Кацярыну вызвалілі.
Раней сямʼя наведвала пікет Ціханоўскай у Барысаве.
CK belsat.eu