Прадстаўнік Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны, кіраўнік Службы ў пытаннях інфармацыйнай бяспекі Валянцін Пятроў заявіў, што Масква рыхтуецца да маштабнай ваеннай агрэсіі і захоп Украіны – гэта не канчатковая мэта.
«Калі паглядзець на сучасныя расейскія ваенныя ініцыятывы, можна сказаць, што гэта не толькі падрыхтоўка да вайны з Украінай, гэта адзін з элементаў больш шырокага стратэгічнага разгортвання расейскай наступальнай машыны. Яна ідзе ад Паўночнага мора да Сірыі. Фактычна можна казаць пра падрыхтоўку да сусветнай вайны», – сказаў Пятроў на прэзентацыі праекту «Свет у 2019», што прайшла ў Кіеве.
Пятроў адзначыў, што сусветны канфлікт можа распачацца ўжо бліжэйшымі гадамі.
«Цяпер усе планы пераўзбраення буйных дзяржаваў, у прыватнасці, РФ, запланаваныя на 2023-2025 гады. Свет можа быць гатовым да глабальнага канфлікту літаральна праз 6 гадоў, але ён можа пачацца і раней», – цытуе Пятрова прэс-служба РНБА.
На думку Пятрова, наступны год стане прынцыпова важным для Украіны, у прыватнасці, у сувязі з прэзідэнцкімі і парламенцкімі выбарамі, у якія будзе спрабаваць умяшацца Расея.
«Цалкам відавочна, што наш праціўнік будзе спрабаваць скарыстацца гэтым. «Ваенная мапа» ёсць, разгортваюцца вайсковыя злучэнні на мяжы. Гэта сапраўды страшная сіла, і гэтая сіла не толькі для Украіны – у яе планах прайсці Украіну наскрозь, і, рухаючыся далей, праз Беларусь выйсці на краіны Балтыі, Польшчу», – сказаў прадстаўнік РНБА.
ІІ, belsat.eu