Упаўнаважаная Вярхоўнай Рады Украіны ў сферы правоў чалавека Людміла Дзянісава падчас асабістага прыёму грамадзянаў сустракалася з жонкай асуджанага ў Беларусі ўкраінскага журналіста Паўла Шаройкі. Гаворка ішла пра вяртанне грамадзяніна Украіны дадому, паведамляецца на старонцы офісу омбудсмана Украіны ў Facebook.
«Падчас сустрэчы даведаліся, на якой стадыі знаходзіцца справа Паўла, і вызначылі наступныя крокі па вяртанні яго на радзіму. Паводле маёй просьбы супрацоўнікі Сакратарыяту звернуцца ў адпаведныя органы», – адзначыла ўпаўнаважаная Вярхоўнай Рады Украіны ў сферы правоў чалавека Людміла Дзянісава.
Журналіста Украінскага нацыянальнага радыё Паўла Шаройку затрымалі ў Менску 25 кастрычніка 2017 года і абвінавацілі ў шпіянажы. Паводле КДБ, Шаройка стварыў у Беларусі «агентурную сетку з грамадзянаў Беларусі, якія за грашовую ўзнагароду выконвалі ягоныя заданні па зборы звестак выведвальнага характару ў ваенна-палітычнай сферы».
Вярхоўны Суд прысудзіў Шаройку да 8 гадоў пазбаўлення волі. Цяпер ён знаходзіцца ў бабруйскай папраўчай калоніі № 2. Афіцыйны Кіеў адмаўляе датычнасць Скварцова і Шаройкі да выведвальнай дзейнасці і лічыць абвінавачванні беспадстаўнымі.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў падчас сустрэчы з украінскімі журналістамі 26 верасня, што гатовы памілаваць асуджанага ўкраінца Паўла Шаройку. Але патрабуе, каб Украіна вызваліла беларуса Юрыя Палітыку, які перабывае пад вартай ад чэрвеня 2017-га.
Юрыя палітыку ўкраінскія следчыя абвінавачваюць у супрацы з КДБ і зборам інфармацыі аб правядзенні антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе, якія з’яўляюцца дзяржаўнай таямніцай.
СК belsat.eu