Размова пра гэта вялася на сустрэчы гарадзенскіх уладаў з часовым павераным Каралеўства Нідэрландаў у Беларусі Паулам ван Ооствэйнам 17 траўня, падае прэсавая служба Гарадзенскага аблвыканкаму.
Апроч магчымасці прыходу бюджэтных авіякампаніяў з Нідэрландаў у Горадню, намеснік старшыні аблвыканкаму Віктар Лісковіч абмеркаваў таксама з дыпламатам супрацу ў сферы турызму.
«Па бязвізавым рэжыме на Гарадзеншчыну прыязджаюць турысты з розных краін, у тым ліку з Каралеўства Нідэрландаў. Неўзабаве, мы спадзяемся, бязвізавую зону пашыраць на ўсю Гарадзенскую вобласць. Апроч таго, Берасцейскую і Гарадзенскую бязвізавыя зоны плануецца аб’яднаць, што дазволіць турыстам бесперашкодна наведваць Белавежскую пушчу», – заявіў Лісковіч.
Чыноўнік распавёў Паулу ван Ооствэйну, што Гарадзеншчына запрашае інвестараў з Нідэрландаў для адкрыцця кавярняў, гатэляў і рэстарацыяў ды набыцця сялгаспрадпрыемстваў.
«Мы можам прапанаваць для гасцінічнага бізнесу будынкі, якія патрабуюць абнаўлення, а таксама і свабодныя ўчасткі ў горадзе для будовы аб’ектаў. Інвестары з Нідэрландаў могуць прыняць удзел і ў развіцці інфраструктуры Аўгустаўскага канала, – дадаў Лісковіч.
Як адзначыў Лісковіч, на тэрыторыі вобласці працуюць пяць арганізацыяў з удзелам капіталу з Нідэрландаў. Па выніках мінулага года, аб’ём замежных інвестыцыяў з Нідэрландаў у гаспадарку Гарадзеншчыны склаў $ 25,5 млн.
ДД belsat.eu