У гэтай сістэме сорамна толькі «былым»

 

У гісторыі з затрыманнем Сяргея Ціханоўскага была адна дэталь, на якой увагі амаль не акцэнтавалі. Высвятлялі персоны жанчыны-правакатаркі і «падзеныша»-міліцыянта, гаравалі з нагоды пазбаўлення волі ні ў чым рэальна не вінаватага чалавека, асуджалі ўладу. Але ёсць яшчэ адзін аспект.

Відавочна (прынамсі, мне, – я паглядзеў ролік, прадбачліва выстаўлены ў Інтэрнэце), што здарэнне ў Горадні сапраўды было адрэпетаванае. Усе ўдзельнікі дзеяння з боку, так бы мовіць, «праваахоўных органаў», дакладна ведалі, што і ў якой паслядоўнасці будзе адбывацца. І адзін аднаго ведалі калі не ў твар, закрыты маскай (не было б шчасця, ды пандэмія дапамагла), то ўжо па вопратцы дакладна. І працэс рэпетыцыі ў гэтым выпадку здаецца значна больш важным, чым сам спектакль.

ВИДЕО
БТ показало новое видео инцидента с участием Сергея Тихановского
2020.06.01 13:37

Таму што вожыкі – яны як? У гэтым канкрэтным выпадку. Сядзіць дама сумнеўных паводзінаў, што прыбыла з Менску. Побач з ёй сядзіць міліцыянт, які гэтых дам у Горадні шугаць мусіць на ўсім скаку. Побач сядзіць кіраўнік «масоўкі», закліканай запэўніць захоп «аб’екта» – то бок Сяргея Ціханоўскага. Ну – і? Яны абмяркоўваюць дэталі з гэтай дамай? Вязуць яе на месца будучага дзеяння? Яна кажа, якую рэпліку падасць, каб у мізансцэну ўмяшаўся партнёр у міліцэйскай форме? Як гэта ўсё адбывалася-та?

Пікет па зборы подпісаў каля Камароўскага рынку ў Менску.
Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Уявіце сабе міліцыянта. Не «падзеныша». Любога нармальнага міліцыянта, якім, імаверна, да свайго падзення быў і гэты, кажучы словамі прэзідэнта, «чый-небудзь сын». Ён бо юрфак які-небудзь сканчаў. Часам – міліцэйскую акадэмію. Яму дакладна там казалі, што прастытуцыя – гэта кепска. Нават Алег Гайдукевіч ведае, што гэта кепска – нездарма публічна адмовіўся быць прастытуткай. І цяпер гэты міліцыянт, які вучыўся, магчыма, з выключна добрымі вынікамі, аказваецца ў сітуацыі, калі прастытутка аказваецца яго партнёркай. Не ў ложку. Па жыцці.

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Ці яму не сказалі, хто яна? Маглі не сказаць, баючыся, што нявіннага хлопчыка, «чыйго-небудзь сына», проста званітуе ад нечаканасці. Значыць, начальства, якое распрацавала ўвесь гэты, мякка кажучы, скетч, годны горшай з каманд, якая выступала ў спадара Мукавозчыка ў беларускім Клубе вясёлых і знаходлівых, разумела рэакцыю свайго падначаленага. Але спрацавала: не ў ложку, не на «суботніку», – значыць, можна. Сцерпіць. Не піпл схавае – падначалены. Куды ж яму падзецца? Ці ён з дубінкай, ці на яго з дубінкай – такая логіка начальства. Так што дубінку ён не аддасць, нават калі падзе дзеля гэтага ніжэй плінтуса, з-пад якога выпаўзаюць, як правіла, прусакі.

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Адчуванне бессаромнасці таго, што адбывалася, імаверна, – галоўны вынік таго затрымання. Але мінулы тыдзень паказаў нашыя праваахоўныя органы і з другога боку. У Менску і ў Гомелі да столікаў, па-за чаргой, падышлі людзі ў міліцэйскай форме (у сталіцы маладому чалавеку яшчэ і эскорт у выглядзе двух амапаўцаў выдзелілі), каб сказаць: вашыя акцыі не санкцыянаваныя.

Не будзем спрачацца. Імаверна, маладыя людзі не ведаюць Выбарчага кодэкса і не ўлічваюць, што санкцыяй на збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў з’яўляецца пасведчанне сябра ініцыятыўнай групы. Але паказальна іншае – як хутка яны ўцяклі з месца падзеі. У Менску проста паскораным крокам пайшлі проста ў будынак крытага рынку. Напэўна, ведалі цану сваёй правасці ў кірмашовы дзень. Гэта значыць, парадак наводзіць яны не сталі. Не захацелі падаць так нізка, як іх гарадзенскі таварыш па прафесіі?

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Заганнасць улады не толькі ў тым, што яна спрабуе захавацца ля кармушкі любой цаной. А ў тым, што яна пазбаўляе прадстаўнікоў праваахоўных органаў – і не толькі іх адных – пачуцця ўласнай годнасці. Міліцыянт выступае партнёрам прастытуткі. Супрацоўнік КДБ вымушаны заплюшчваць вочы на відавочную карупцыю ў вышэйшых органах улады, калі не атрымаў адпаведнага дазволу на выкананне закона. Дырэктар гімназіі размяшчае ў запісе сацыяльнай сеткі тэксты з памылкамі, за якія яе вучні атрымалі б незадавальняльную адзнаку. Лекар дазваляе вынесці з больніцы чалавека з страсеннем мозгу ў турэмную камеру. Гісторык выкрывае супернікаў улады як папулістаў, забываючы аб папулізме самой улады. Журналіст, захлынаючыся ад напускнога трагізму, чытае ўручаны яму і наскрозь хлуслівы тэкст.

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Мяне ўсцешыла тое, што ў апошнія дні раптам загаварылі былыя супрацоўнікі міліцыі. Пік прыйшоўся акурат на чаргу падпісантаў у Менску, калі перад мікрафонам журналіста Радыё Свабода Антона Трафімовіча апынуўся былы следчы, які распавёў, як ён спрабуе дамагчыся праўды па справе аб знікненні Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. І сказаў, што яму – сорамна.

Пасля адстаўкі. Але дзякуй, што сказаў. Мог і не гаварыць.

Дзякуй усім тым юрыстам (былым следчым, міліцыянтам і г. д.), хто даваў у гэтыя дні каментары. Праблема ў тым, што вы – былыя, а значыць, ужо не ўплываеце на падзеі. Калі ўплываеце, то толькі ў якасці каментатараў таго, што адбываецца. Але, можа быць, пачуўшы вас, пасаромеецца яшчэ нехта з вашых калегаў.

Будзем верыць.

Аляксандр Фядута /МВ belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў