Еўрапейская народная партыя ў сваім акаўнце ў Twitter асудзіла рэпрэсіі супраць удзельнікаў пратэстаў у Беларусі.
«Мы з вялікай заклапочанасцю сочым за жорсткімі рэпрэсіямі ды арыштамі мірных дэманстрантаў у Беларусі. Права на сходы павінна быць гарантавана, а дэмакратычныя актывісты павінны быць вызваленыя. Свабоду Севярынцу», – гаворыцца ў паведамленні ЕНП.
Пратэсты супраць паглыблення інтэграцыі з Расеяй праходзяць у Беларусі з 7 снежня. Чарговыя акцыі запланаваныя на 29 снежня. Многія іх удзельнікі былі асуджаныя на арышты, у тым ліку арганізатар пратэстаў, сустаршыня БХД Павел Севярынец, або аштрафаваныя.
Еўрапейская народная партыя аб’ядноўвае кансерватыўныя ды ліберальна-кансерватыўныя партыі Еўропы. Яна мае найбуйнейшую фракцыю ў Еўрапарламенце, яе прадстаўніца ўзначальвае Еўрапейскую камісію.
МГ belsat.eu