У Берасці прыдумалі новую прычыну забараніць мітынг супраць акумулятарнага заводу


Улады забаранілі 15 мітынгаў супраць акумулятарнага заводу, запуск якога павінен адбыцца ў траўні, «праз кляшчоў».

Берасцейскія актывісты звярнуліся да ўладаў з просьбай дазволіць правесці з 13 па 17 траўня 15 мітынгаў на пляцоўцы каля сцэны ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў.

У сваім адказе заяўніку Раману Кісляку ўлады паведамілі, што менавіта ў гэтыя дні ў парку запланаваныя антыкляшчавыя мерапрыемствы.

«Нам адмаўляюць у любым выпадку, таму мы падаем заявы на правядзенне мітынгаў ува ўсе магчымыя месцы і ўсе магчымыя гадзіны, каб праверыць, якія яшчэ прычыны для адмовы яны прыдумаюць. Гэтым разам нам адмовілі, бо ў парку, маўляў, плануюцца мерапрыемствы супраць кляшчоў», – распавёў «Белсату» берасцейскі актывіст Аляксандр Кабанаў.

Больш за год берасцейцы пратэстуюць супраць пабудовы акумулятарнага заводу «iPower» у свабоднай эканамічнай зоне «Берасце». Жыхары гораду сцвярджаюць, што прадпрыемства можа негатыўна паўплываць на экалогію ў рэгіёне.

Леташняя акцыя «Берасцейкі супраць свінцу» ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў. Фота – «Белсат»

Са студзеня мінулага года да сёння актывісты падалі больш за сотню заяваў на правядзенне ў Берасці і Берасцейскім раёне акцыяў пратэсту. Улады санкцыянавалі толькі мітынг «Берасцейкі супраць свінцу» у красавіку 2018-га. Тады ў парк Воінаў-інтэрнацыяналістаў прыйшло каля дзвюх тысячаў чалавек.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў