Традыцыйныя дваравыя акцыі пратэсту адбыліся ў Менску і іншых гарадах раніцай 23 студзеня. Таксама ў розных кропках сталіцы прайшлі акцыі салідарнасці з палітвязнямі.
20:00. Валанцёры паведамляюць імёны 126-і затрыманых сёння. З Першамайскага РАУС выехала хуткая.
18:55. Сярод затрыманых сёння ў Менску – аператар Аляксандр Мікрукоў.
18:30. Ланцугі салідарнасці з палітвязнямі ў Менску сёння праходзілі таксама ў Масюкоўшчыне, каля «Спартыўнай», мемарыялу Аляксандру Тарайкоўскаму, у Завадскім раёне і ля Больніцы хуткай медычнай дапамогі.
У Берасці сёння каля 10 чалавек са сцягамі спрабавалі прайсці маршам па раёне Кавалёва. Усе былі затрыманыя і дастаўленыя ў РАУС. Агулам вядомыя імёны 62-х затрыманых.
17:50. Ланцуг салідарнасці ў Сеніцы пад Менскам сёння працягнуўся ўсяго тры хвіліны. Пасля прыехалі міліцыянты ды затрымалі некалькі чалавек.
17:40. Валанцёрам вядомыя імёны 44-х затрыманых сёння. Сярод іх – валанцёры ініцыятываў «Ежа замест бомбаў» і «Вулічная медыцына», якія дапамагалі бесхацінцам.
17:30. Менск. Міліцыя ў парку Горкага, таксама міліцэйскія бусы патрулююць цэнтр сталіцы і Зялёны Луг.
17:20. Таксама ў ланцуг салідарнасці станавіліся жыхары раёнаў трактарнага і роварнага заводаў.
17:10. АМАП у парку Горкага, таксама міліцэйскія бусы патрулююць у цэнтры сталіцы і ў Зялёным лузе.
17:05. Некалькі ланцугоў выбудавалася сёння ўздоўж МКАД ў Зялёным Лузе, «ProStore» у Малінаўцы і ля Менскага мора.
17:00. Сёння ў Менску затрымалі ўдзельнікаў ініцыятывы «Ежа замест бомбаў», якія кормяць бесхацінцаў. Затрыманні адбыліся ў Міхайлаўскім скверы і скверы Сімона Балівара. Актывісты звезлі ў адным напрамку, бесхацінцаў – у іншым.
16:55. А вось такія акцыі зладзілі сёння жыхары Чырвонага Бору і Цэнтральнага раёну Менску.
16:50. Свой аўтапрабег сёння зладзілі і прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі.
У Грушаўцы сустрэліся ўдзельнікі дзвюх акцыяў: прабегу пад чырвона-зялёнымі сцягамі і пратэставага ланцугу салідарнасці.
Людзі ў машынах махалі і паказвалі розныя жэсты, людзі на тратуары крычалі «Банда».
16:45. У Менску затрымалі каля 100 чалавек, паведамляе МУС Беларусі. Валанцёрам вядома 15 прозвішчаў.
16:35. Мясцовыя жыхары паведамляюць пра высадку сілавікоў у Лебядзіным.
У Бабруйску людзі ўсклалі кветкі памяці Рамана Бандарэнкі.
16:20. Сёння гуляюць таксама менская Лошыца і Ратамка.
16:10. У Горадні на Савецкай вуліцы затрымалі трох жанчын. У Менску каля дзесяци (!) «сілавікоў» затрымлівалі мужчыну ва Уруччы ля ГЦ «Спектр».
16:05. Свае акцыі зладзілі таксама на «Дана Моле» ў Менску, у Ждановічах і Берасці.
Таксама па Менску лётаюць БЧБ-балонікі.
16:00. У Менску на Пушкінскай АМАП ловіць мінакоў. Выбягаюць з буса і бягуць за людзьмі.
15:50. У Менску шэсце і ланцуг салідарнасці на вуліцы Багдановіча і ў Паўднёвым Захадзе.
На Каменнай Горцы стаяў ланцуг салідарнасці, а жыхары Сяльгаспасёлку разгарнулі вялікі нацыянальны сцяг.
Паведамляецца пра зытрыманні на Усходзе і разгон ланцуга ў Каменнай Горцы.
На Дзяржынскага да ланцуга таксама прыехаў АМАП, але затрыманняў не было.
15:40. У Пінску некалькі дзясяткаў чалавек гуляюць па пешаходнай вуліцы Леніна. Міліцыянты ў некалькіх чалавек праверылі пашпарты.
15:35. Антон Матолько паведамляе пра спробы затрымання пратэстоўцаў у Менску каля Пушкінскай і на Прытыцкага.
15:30. Свае акцыі таксама правялі Сёмкава і Чучаны ў Менскім раёне, Жабінка.
А вось такі ланцуг салідарнасці стаяў каля менскага парку Чалюскінціаў.
15:25. Вось так сёння пратэставала менская Курасоўшчына.
15:10. У Менску на ланцуг салідарнасці ўтварыла Залатая Горка – людзі стаяць на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Казлова.
15:00. У Віцебску каля ГЦ «Піраміда» стаяць пасты міліцыі і два мікрааўтобусы.
14:15. У сталічным мікрараёне Сухарава ўтварылі «ланцуг салідарнасці« з расейскімі пратэстоўцамі.
14:10. Ля Міхайлаўскага скверу высадзіўся АМАП, два аўтобусы стаяць побач. Відавочца паведамляе, што людзей адводзілі ў бок.
Акцыі пратэсту адбыліся на Курасоўшчыне, у Лошыцы і ва Ўруччы, у мікрараёне Чкалаўскі і на вуліцы Магілёўская. Людзі скандавалі «Жыве Беларусь», «Далучайся», «Я выходжу» ды іншыя лозунгі.
У Ленінскім раёне Менску дзясяткі пратэстоўцаў шпацыравалі, скандуючы «Не забудзем, не прабачым».
У Менскім раёне акцыю пратэсту пад бел-чырвона-белымі сцягамі зладзілі жыхары пасёлкаў Палігон-Калодзішчы і Сонечны.
Пратэстоўцы правялі акцыі салідарнасці з палітзняволенымі ў мікрараёне «Усход», на Масюкоўшчыне і каля ТЦ Outleto. Таксама акцыя салідарнасці прайшла ў Віцебску.
Нагадаем, тэлеграм-каналы заклікаюць беларусаў 23 студзеня а 15-й гадзіне па ўсёй краіне ствараць ланцугі салідарнасці ў падтрымку палітзняволеных.
ІІ belsat.eu