У Бабруйску адкрылі стадыён імя легендарнага футбаліста Аляксандра Пракапенкі


У першым матчы на новай арэне ў Бабруйску былыя партнёры Аляксандра Пракапенкі па менскім «Дынама» сустрэліся з ветэранамі «Белшыны».

Аляксандр Пракапенка ў 80-х быў кумірам для шматлікіх беларусаў. Адзін з самых яркіх паўабаронцаў у гісторыі беларускага футбола ў 1982-м у складзе менскага «Дынама». А ва ўзросце 35 гадоў Аляксандр Пракапенка нечакана памёр. На адкрыцці стадыёна памяці Пракапенкі ў Бабруйску 28 чэрвеня згулялі ветэраны менскага «Дынама» і бабруйскай «Белшыны».

Сама гульня ў якой прынялі ўдзел былыя партнёры Пракапенкі – Людас Румбуціс, Віктар Сокал, Удадзімір Курнеў, Ігар Гурыновіч, Юрый Пудышаў, завяршылася з лікам 3: 3. Заўважым, што на матчы прысутнічаў галоўны трэнер «Дынама-82» – 73-гадовы Эдуард Малафееў. Пасля гульні яе ўдзельнікі дзяліліся ўспамінамі.

«Пракапенка – адзін з самых яскравых беларускіх футбалістаў, ён шмат зрабіў для нашай краіны і гораду. Вельмі прыемна, што ён з Бабруйску. Пракапенка быў тварам нашага футбола», – адзначыў у размове з «Белсатам» былы футбаліст бабруйскай «Белшыны» Эдуард Градабоеў.

Галоўны трэнер маладзёжнай зборнай Беларусі па футболе Ігар Кавалевіч лічыць Пракапенку лепшым футбалістам у гісторыі беларускага футболу.

«На мой погляд, гэта лепшы беларускі футбаліст у гісторыі, легенда беларускага футболу. У Расеі народным футбалістам быў Фёдар Чаранкоў, а ў нас – Аляксандр Пракапенка», – заўважыў Ігар Кавалевіч.

Сын Аляксандра Пракапенкі Дзмітрый даўно жыве ў ЗША.

«Я вельмі рады, што ў Бабруйску адкрыўся стадыён, які будзе насіць імя майго бацькі. Ужо распачатая праца над кнігай і фільмам пра Аляксандра Пракапенку, я займаюся сайтам, на якім будзе ўся інфармацыя пра бацьку. Хочам зрабіць вялікі футбольны турнір памяці Аляксандра Пракапенкі. Людзі яго памятаюць і любяць», – пракаментаваў адкрыццё футбольная арэны Дзмітрый Пракапенка.

Алесь Ляўчук, Марына Маўчанава

Стужка навінаў