Паэт Уладзімір Някляеў прысвяціў верш юнакам з Ястрамбельскай школы-інтэрнату, мастак пад нікам Zivis Laimīgs стварыў малюнак пад уплывам фотаздымка юнакоў.
«Гэтыя хлопцы – першыя парасткі сапраўды беларускага, а не савецкага войска. У іх вачах, на іх юначых тварах тое, на што многія з нашых суайчыннікаў пачалі забывацца: годнасць! І ўрэшце перамогуць яны, а не тыя, хто вырашыў пакараць іх за патрыятызм, за адкрыта выяўленую любоў да Бацькаўшчыны. Жыве Беларусь! І жыве яна ў беларусах…», – напісаў палітык і паэт Уладзімір Някляеў.
Ён адрасаваў маладзёнам верш «Кадэты»:
«Што затужылі,
воі, мужчыны?
Волі ўдыхнулі – і дух заняло?
Як там і што там ні стане з Айчынай –
Горай не будзе, бо лепш не было.
Шлях свой зблукала Айчына ў трох соснах,
Збегала шлях чаўнаком, нібы ў кроснах,
Кідаючы невідушчы народ
З пасткі на захадзе ў пастку на ўсход.
Можа, відушчымі стануць нашчадкі?
Шляху няма. Ні канца, ні пачатку.
Прывідам – у пустату з пустаты –
Рвецца Пагоня з дзяржаўнай пячаткі,
Непадкаваныя б’е капыты».
Мастак пад нікам Zivis Laimīgs, натхніўшыся фотаздымкам адважных кадэтаў, стварыў адпаведны малюнак.Дырэктар кадэцкай вучэльні ў Ястрамбелі Аляксандр Калько зняпраўдзіў парталу Tut.by інфармацыю, што адзін з кадэтаў ужо адлічаны фатаграфію з «Пагоняй».
«Разумееце, на пустым месцы зрабілі сенсацыю. За што іх адлічваць? Тут толькі адно парушэнне – у нас забаронена змешваць грамадзянскую форму адзення з нашай», – адзначыў суразмоўца, дадаўшы, што гэта не з’яўляецца падставай для прыняцця мер дысцыплінарных мер да правініліся.
Спадар Калько адзначыў растлумачыў, што бацькі кадэта, які выклаў фота ў інтэрнэт, прынялі рашэнне забраць сына ў выходныя дадому.
«Яны будуць прымаць рашэнне (перакладаць сына з вучэльні ў іншую навучальную ўстанову ці не – Tut.by). У нас няма адлічэння», – адзначыў дырэктар, які аднак не патлумачыў, з якой нагоды бацькі думаюць пра перавод сына, калі яго не збіраюцца караць.
Аляксандр Калько таксама падкрэсліў, што ні на яго асабіста, ні на кадэтаў не аказваецца якога-небудзь ціску.
«Тут няма ніякай палітыкі», – паведаміў суразмоўца.
Скандал разгарэўся 16 кастрычніка, калі ў інтэрнэце з’явілася фота чатырох кадэтаў Берасцейскай абласной кадэцкай вучэльні, якая знаходзіцца ў Ястрамбелі. Юнакі дэманстравалі майкі з «Пагоняй» пад форменнай адзеннем. Спачатку была інфармацыя пра адлічэнне аднаго кадэта ў якасці пакарання, пазней паведамлялася пра адлічэнне ўсіх чатырох ды звальненне дырэктара.
«Арт Сядзіба» пачала ў сацыяльных сетках кампанію #пагоняпобач, удзельнікам якой прапанавалі выкладваць свае фатаграфіі ў майках з «Пагоняй».
Максім Ярашэвіч, belsat.eu