Валерый Цапкала павіншаваў беларусаў з Днём незалежнасці ў сваім фэйсбуку, выклаўшы фота з жонкай на «Лініі Сталіна».
У сваім звароце ён параўнаў метады кіравання грамадствам і ўздзеяння на людзей, якія адпрацоўваліся ў канцлагерах нацыстаў, з метадамі кіравання ў сучаснай Беларусі.
«3 ліпеня мы адзначаем дзень вызвалення Менску ад нацысцкіх захопнікаў! Я мару пра тое, каб днём канчатковага вызвалення Беларусі ад рэжыму, які пагарджае беларускі народ, называючы яго «народзішка», стаў дзень 9 жніўня», – напісаў Цапкала.
Патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты выказаў надзею, што наступныя пакаленні будуць жыць у іншай краіне.
«Краіне, у якой людзі адчуваюць сябе гаспадарамі, а не паднявольны прыгоннымі. Краіне, дзе яны змогуць вольна працаваць. Не з-пад палкі, а таму што адчуваюць Беларусь сваёй. Яны будуць жыць у краіне, дзе можна адкрыта, свабодна і без боязі выказваць свае думкі.
Дзе будзе незалежны парламент, які выказвае меркаванне выбарнікаў. Дзе будуць незалежныя суды, якія будуць разглядаць справы па справядлівасці і законе, а не па званку »зверху«. Яны будуць жыць у краіне, дзе з стылю палітычнага кіраўніцтва ліквідаваная вульгарнасць, нахабства і грубасць. Дзе будзе павага да кожнага грамадзяніна, кім бы ён ні быў, якое б становішча ні займаў», – сцвярджае Цапкала.
***
Валерыя Цапкалу могуць не зарэгістраваць кандыдатам у прэзідэнты, бо выбарчыя камісіі прызналі сапраўднымі каля 75 тысяч подпісаў з пададзеных за ягоную кандыдатуру 160 тысяч. Штаб палітыка збіраецца абскарджваць адбракоўкі подпісаў, а сам Валерый Цапкала ўсё ж падаў дакументы ў ЦВК на рэгістрацыю яго кандыдатам у прэзідэнты.
Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі запланаваныя на 9 жніўня.
КА belsat.eu