У Менску на праспекце Пераможцаў адкрылі новую лядовую пляцоўку. У снежні на ёй ужо гуляў Аляксандр Лукашэнка, таксама тут трэнуюцца каманды аматарскай лігі Прэзідэнцкага спартовага клубу і вучні хакейнай школы. Для астатніх наведвальнікаў уваход пакуль зачынены.
У Беларусі, паводле дадзеных Федэрацыі хакею, без уліку новай арэны, існуе 32 лядовых палацы. То бок на адзін палац прыходзіцца 296 тыс. чалавек, якія пражываюць у краіне. Для параўнання: у Канадзе адна лядовая арэна прыпадае на 10,8 тыс. жыхароў, у Фінляндыі – на 20,8 тыс., а ў Швецыі – на 27,4 тыс.
Зараз большасць лядовых арэнаў месціцца ў Берасцейскай вобласці. На другім месцы – Менск з сямю арэнамі. У Менскай вобласці пяць лядовых палацаў, у Магілёўскай – чатыры. Па тры арэны ў Віцебскай і Гомельскай вобласцях, у Гарадзенскай – дзве.
Таксама раней былі планы пабудаваць лядовыя арэны ў Асіповічах, Барысаве, Ваўкавыску, Глуску, Глыбокім, Гомлі, Драгічыне, Калінкавічах, Касцюковічах, Клічаве, Крычаве, Лепелі, Мазыры, Новалукомлі, Рэчыцы, Светлагорску, Слоніме ды Чавусах. Агулам іх лік мусіў дасягнуць 50! Праўда, многія з іх з-за непатрэбнасці ператварыліся ў даўгабуды ды нават прадаюцца на аўкцыёнах.
Самая старая лядовая арэна ў Беларусі – Палац спорту, што месціцца на праспекце Пераможцаў у Менску. Ён быў пабудаваны яшчэ ў 1966 годзе. У ТОП-3 самых старых арэнаў таксама ўваходзяць Палац спорту і культуры, які адчыніў свае дзверы ў 1974 годзе ў Наваполацку, і крыты каток хакейнага клубу «Юнацтва – Менск», які запрацаваў у 1976-м.
Самымі маладымі ж з’яўляюцца лядовыя палацы, збудаваныя ў Горках (2012 год), Воршы (2013-ы) і менская «Чыжоўка – Арэна», якую таксама адчынілі ў 2013 годзе да чэмпіянату свету па хакеі-2014.
Не ўсе беларускія лядовыя арэны вялікія. Напрыклад, лядовы каток у Раўбічах (Менскі раён), умяшчае толькі 120 чалавек. Але ж ёсць у Беларусі і сапраўдныя гіганты. Самай вялікай лядовай пляцоўкай зʼяўляецца «Менск – Арэна», якая ўмяшчае ажно 15 086 чалавек. На другім месцы ўжо ўзгаданая вышэй «Чыжоўка – Арэна» – на 8 800 чалавек. Замыкае тройку лідараў «Бабруйск – Арэна», у якую ўмяшчаецца 7 191 чалавек.
МГ/Belsat.eu