Трэцюю лінію метро, імаверна, не адкрыюць 9 жніўня


Чатыры станцыі новай лініі метро гарадскія ўлады разлічвалі адкрыць да 3 ліпеня, але тэрміны перанеслі ў сувязі з неабходнасцю наладкі абсталявання. Тады ж агучылі новую дату – 9 жніўня. Але выглядае на тое, што запуску ў гэты тэрмін не адбудзецца, піша kp.by

«У нас пакуль ёсць пэўныя праблемы, нам трэба старанна наладзіць 84 сістэмы, якія гарантуюць бяспеку эксплуатацыі метро. У нас сёння заканчваюцца работы па мантажы і наладцы. Пакуль дата застаецца адкрытай», – растлумачыў выданню Аляксей Мурач, галоўны інжынер дырэкцыі па будаўніцтве Менскага метрапалітэну.

Ён нагадаў, што на нарадзе Лукашэнкі з актывам гораду было загадана адкрыць новую лінію да канца года.

Метрабудаўцы імкнуцца адкрыць яе як мага хутчэй, але гарантаваць гэта ў бліжэйшы час не могуць, дадаў спецыяліст.

***

Першымі з трэцяй лініі метро збіраюцца адкрыць чатыры станцыі: «Кавальская Слабада», «Вакзальная», «Плошча Францішка Багушэвіча», «Юбілейная плошча». Паводле плану, трэцяя лінія злучыць поўнач Менску – мікрараён Зялёны Луг – з поўднем – мікрараёнам Курасоўшчына.

Новая лінія будзе самай ціхай: новая тэхналогія будаўніцтва шляхоў і самога тунэлю, распрацаваная беларускімі навуковымі інстытутамі, дазволіць пазбавіцца ад вібрацыі, якая адчуваецца на паверхні падчас руху цягніка. На кожнай станцыі таксама ўсталявалі ахоўныя экраны, якія дазволяць пазбегнуць падзення пасажыраў на рэйкі.

КА belsat.eu

Стужка навінаў