Суд пастанавіў пакараць Вячаслава Касінерава штрафам у памеры 30-ці базавых, але праз тое, што асуджаны знаходзіўся пад вартаю, штраф зменшылі да 5-ці базавых.
17:35 Суддзя зачытвае вырак.
16:43 Судовы вырак будзе абвешчаны а 17:30.
16:37 Касінераў крытыкуе праваахоўнікаў і ўладу ў сваім апошнім слове.
16:21 Пракурор прапануе даць Касінераву 2 гады хатняй хіміі.
15:34 Аб’яўлены перапынак на 10 хв. На паседжанне не з’явіліся 4 сведкі.
15:30 Да справы далучаныя артыкулы пра Касінерава, апублікаваныя ў медыях. Суддзя з цяжкасцю зачытаў беларускамоўны загаловак артыкула, апублікаванага на Belsat.eu.
15:26 Паводле міністэрства культуры помнік не зʼяўляецца культурнай каштоўнасцю. Суддзя зачытаў адпаведны дакумент.
14:56 Даглядзелі відэа і абмяркоўваюць. Таксама сярод доказаў – раздрукоўка публікацый з навінных парталаў, дзе паведамляецца пра ўчынак Касінерава.
14:44 Глядзяць відэа з камераў назірання. У першым відэа прынамсі дзве мантажныя склейкі.
14:30 Суд працягваецца пасля перапынку. Суддзя зачытвае пісьмовыя матэрыялы справы, у тым рапарт Семяненкі. У ім напісана, што Касінераў быў з мужчынай.
13:30 Сябра Касінерава кажа, што гэта помста.
13:29 Праваабаронца Наста Лойка ў перапынку кажа, што Вячаслава Касінерава можа чакаць як арышт, так і зняволенне.
13:16 Аб’яўлены перапынак да 14:30.
12:57 Сёмы сведка – маці Вячаслава Касінерава Марыя Васільеўна.
12:55 Шосты сведка – Марына Насенка, дзяўчына Касінерава. Яна адмовілася даваць паказанні.
12:44 Пяты сведка – падпалкоўнік, Маскоўскі РАУС, Вадзім Кліндухоў. Ён не можа адказаць, хто і дзе складаў пратакол на Касінерава, не можа апазнаць салдат, якія яго затрымлівалі. Кажа, што фізічнай сілы да Касінерава не ўжываў і такога загаду не было.
12:41 Сведка Сяргей Беспалаў пацвердзіў, што амапавец гаварыў быць больш жорсткім з Касінеравым.
12:21 Яшчэ адзін сведка – салдат тэрміновай службы В/Ч 5448 Сяргей Беспалаў. Кажа, што ведае Касінера, бо затрымліваў яго.
12:17 Сведка Елена Шамкаловіч кажа, што ставіцца да дзеянняў Касінерава як да хуліганства.
12:07 Трэцяя сведка – беспрацоўная Елена Шамкаловіч. Касінераў яе ніколі не бачыў.
Яна кажа, што ехала да знаёмых пасля 22 на аўтамабілі, бачыла як Касінераў у медычнай масцы накінуў вяроўку на пастамент гарадавому. Таксама кажа, што была дзяўчына.
Адвакат пытае, ці ведае яна, што гэта за статуя. Жанчына не ведае.
12:05 Вячаслаў Касінераў кажа, што амапавец даў указанні салдатам тэрміновай службы быць з ім больш жорсткім.
12:00 Булгак лічыць, што Касінераў зрабіў дрэнны ўчынак, таму што «вяроўка на гарадавым дрэнна глядзіцца».
11:57 Нягледзячы на тое, што Касінераў не супраціўляўся, Булгак заламаў яму рукі, а Семяненка надзеў кайданкі. Чаму яны так зрабілі, адказаць Булгак не можа. Міліцыянт кажа, што асаблівай неабходнасці апранаць кайданкі не было.
Абодва сведкі кажуць, што з Касінеравым была дзяўчына. Касінераў кажа, што быў адзін.
11:46 Вызвалі другога сведку 21-гадовага салдата тэрміновай службы Дзмітрыя Булгака. Яго сведчанні амаль адзін у адзін супадаюсь з паказаннямі Семяненкі.
11:25 Семяненка кажа, што ўсе начальнікі ў МУС ўвесь час нагадваюць сваім падначаленым сачыць за гарадавым.
11:03 Суддзя дапытвае сведку 23-гадовага салдата тэрміновай службы Івана Семяненку.
Кажа, што ў камеры назірання ўбачыў Касінерава і дзяўчыну, якая здымала яго на відэа. У выніку дзяўчына збегла, а Касінерава затрымалі надзелі кайданкі.
10:40 Вячаслаў Касінераў распавядае пра ўчынак. Кажа, што перформанс быў пратэстам на на незаконныя затрыманні.
10:25 Прамаўляе дзяржаўны абвінаваўца.
«Дзеючы цынічна, парушыў парадак».
Вячаслаў Касінераў не прызнаў віну.
«Гэта нармальна – выказваць свае погляды праз мірныя акцыі, якія нікому не наносяць шкоды. Скульптура гарадавога – гэта не помнік, для мяне было абуральным, што можна вось гэтак прыхільна ставіцца да дзейнасці людзей, якія праводзілі рэпрэсіі ў Беларусі», – сказаў Касінераў.
Суддзя перайшоў да допыту Вячаслава Касінерава.
10:20 Маці Вячаслава хадайнічалі ў сведкі. Яе выдалілі з залы да моманту, пакуль не выклічуць.
Адвакат Антон Гашынскі папрасіў далучыць да справы раздрукоўкі навінаў і прынтскрыны пра Вячаслава Касінерава са старонак «Белсату» і «НН». Паводле абароны, гэта тлумачыць матывы ўчынку актывіста.
10:18 Суддзя запытаў Вячаслава Касінера, на якой мове ён хоча, каб праводзілася разбіральніцтва. Вячаслаў адказаў, што будзе гаварыць па-беларуску, а суд можа па-расейску. Суддзя вырашыў, што працэс будзе праходзіць на расейскай мове.
10:08 Суддзя Аляксандр Петраш апытвае Вячаслава Касінерава.
10:00 На суд прыйшло шмат журналістаў, праваабаронцы, родныя і сябры Вячаслава Касінерава.
«Я не думаю, што мяне выпусцілі, каб пасля пасадзіць. Але я нічога не баюся», – кажа Вячаслаў.
27 красавіка а 10:00 у судзе Маскоўскага раёну Менску распачынаецца разгляд крымінальнай справы актывіста анархісцкага руху Вячаслава Касінерава, якога пераследуюць за перформанс са статуяй паліцэйскага-гарадавога каля будынку МУС, які ён правёў 12 сакавіка.
21 красавіка хлопцу змянілі меру стрымання ды вызвалілі са следчага ізалятару на Валадарскага ў Менску.
На пачатку красавіка адразу 9 беларускіх праваабарончых арганізацыяў у супольнай заяве прызналі Вячаслава Касінерава палітычным зняволеным і запатрабавалі ад уладаў спыніць крымінальны пераслед актывіста.
Касінерава абвінавачваюць у тым, што ён разам з анархістамі з групы «Чорная ружа» зладзіў дзёрзкую акцыю «супраць міліцэйскага бязмежжа» насупраць Міністэрства ўнутраных спраў. У той дзень актывісты накінулі пятлю на шыю помніка паліцэйскаму гарадавому, які там нядаўна паставілі ў прысутнасці Ігара Шуневіча.
Вячаславу Касінераву прад’явілі абвінавачванне ў здзяйсненні злачынства па частцы 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства). Такім чынам хлопец выказаў свой пратэст супраць міліцэйскага самавольства і пераследу актывістаў анархісцкага руху за ўдзел у мірных акцыях пратэсту. Міліцыянты абразіліся на актывіста, заявіўшы, што царскі гарадавы – гэта святое, ды арыштавалі хлопца.
ДР, ЮВ, belsat.eu