23 сакавіка стала вядома аб брутальным затрыманні палітолага Алеся Лагвінца. Сын Алеся Лагвінца Антось распавёў «Белсату» пра падрабязнасці затрымання.
«Падбеглі са спіны. Без формы. Пачалі круціць рукі. Я крычаў: міліцыя. Людзі спрабавалі нам дапамагчы і толькі тады яны паказалі «корачку». У машыне мяне прыкавалі да падгалоўніка. Бацьку білі і называлі нас прадажнымі, маўляў, колькі нас не лупі гэта не дапамагае», – распавядае Антось.
Таксама ён паведаміў, што ў бацькі страсенне мозгу, закрытая чэрапна-мазгавая траўма і пералом носа.
Журналістка Любоў Лунёва, якая знаходзілася каля Маскоўскага РУУС, бачыла, як у будынак заводзілі Алеся Лагвінца. Яго твар быў разбіты.
Увечары 23 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёну пачалі разглядаць адміністрацыйную справу, пачатую супраць Алеся Лагвінца па артыкуле 17.1 (дробнае хуліганства). У суд выклікалі хуткую для Алеся Лагвінца і абвясцілі перапынак. Пазней стала вядома, што яго павезлі ў 9-ю лякарню, паведамляе svaboda.org.
22 сакавіка ў эфіры «Белсату» Алесь Лагвінец назваў Беларусь «паліцэйскаю дзяржаваю».
ЮВ, belsat.eu