Сяргей Навумчык: «У жыцці як чалавека, так і нацыі, вельмі важна скарыстаць шанец»


У Віцебску адбылася прэзентацыя кнігі «Дзевяноста другі» беларускага журналіста і палітыка Сяргея Навумчыка. У 1996 годзе ён эміграваў з Беларусі спачатку ў Прагу, а пасля папрасіў палітычнага прытулку у ЗША.

За апошнія 20 год Навумчыку давялося толькі тройчы наведаць радзіму.

Бацька, Іосіф Навумчык, падрыхтаваў для сына прыемны сюрпрыз. Ён абвясціў час і месца прэзентацыі чарговай кнігі сына і асабіста запрасіў толькі самых блізкіх людзей: сябраў, калегаў і аднадумцаў Сяргея Навумчыка.

Пра вядзецца ў кнізе «Дзевяноста другі», распавёў сам аўтар:

«Я стараўся аднавіць атмасферу таго часу. 1992 – быў першы год беларускай незалежнасці. У гэты час па цэнтральным праспекце прайшла шматтысячная калона пад бел-чырвона-белымі сцягамі. Так святкавалі суверэнітэт Беларусі. 1992 быў год спадзяванняў і год разумення таго, што трэба мяняць Вярхоўны савет, трэба мяняць уладу. Вось тады Беларускі Народны Фронт выйшаў з ініцыятывай правесці рэферэндум пра датэрміновыя выбары, але гэтага не атрымалася.

Мы сабралі паўмільёна подпісаў, подпісы проста былі праігнараваныя Вярхоўным Саветам. У жыцці як чалавека, так і нацыі, вельмі важна скарыстаць шанец. У Беларусі ў 1992 годзе гэты шанец быў. Яго скарыстаць не ўдалося па розных прычынах.

Аб гэтым я і пішу, і важна, каб тыя, хто зараз у палітыцы і хто яшчэ будзе ўступаць у палітыку, аналізавалі тое, што было зроблена ці не зроблена, ці не дароблена папярэднімі пакаленнямі».

Сяргей Навумчык

Паводле аўтара, яму было важна сумясціць, з аднаго боку, дакументы і факты, а з другога боку, асабісты погляд як удзельніка гэтых падзеяў.

«Я нічога не выдумляю, там усё так, як было. Але я пакідаю за сабой права даць асабістыя ацэнкі. І я думаю, што гэта правільна», – кажа ён.

Паводле Навумчыка, ягоная галоўная місія – данесці атмасферу таго часу да тых, хто тады не жыў. А час, адначае аўтар, сапраўды быў цікавы.

На пытанне, ці былі прааналізаваны памылкі таго часу, Сяргей Навумчык адказаў:

«Я паглядзеў 92, 93 і 94 гады, як раз тыя гады, пра якія я пішу, пра кожны год асобная кніжка, і практычна кожны год Васіль Уладзіміравіч Быкаў заклікаў грамадства, партыі аб’яднацца вакол Народнага Фронта. Такая была сітуацыя, што сапраўды авангардам нацыянальнага, дэмакратычнага руху быў Беларускі Народны Фронт. Падабалася гэта камусьці, не падабалася – так сталася.

На вялікі жаль, у некаторых палітыкаў можа быць не хапіла вось гэтага адчування важнасці гістарычнага моманту, у некаторых можа асабістыя амбіцыі перамаглі. Ім хацелася быць першымі. У выніку ўсе апынуліся апошнімі, я маю на ўвазе апазіцыйныя лідары. Хаця ў гістарычным сэнсе гэтыя людзі выканалі сваю місію: яны здабылі незалежнасць, яны замацавалі гэтую незалежнасць у першыя гады»

Раней у бібліятэцы Радыё Свабода былі выдадзеныя кнігі Навумчыка «Дзевяноста першы», «Дзевяноста чацверты» і «Дзевяноста пяты», прысвечаныя падзеям адпаведных гадоў у грамадска-палітычным жыцці Беларусі.

Крысціна Авакумава, belsat.eu

Стужка навінаў