Сядзібы, жніво і зруйнаваныя лёсы: якія таямніцы хаваюць адселеныя вёскі Гомельскай вобласці


Пабачыць гэтыя сядзібы, якія ёсць гістарычна-культурнаю каштоўнасцю, можна толькі раз на год, калі адкрываюцца адселеныя вёскі ў Радаўніцу. Між тым, у адной з вёсак дасюль жыве чалавек, адмыслова да яго прыязджае раз на тыдзень аўталаўка, а побач – засеянае поле…

Фота: belsat.eu

На 33-м годзе пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС беларускія ўлады задумаліся аб турыстычным патэнцыяле адселенай зоны. Турыстам прапануюць маршрут па Палескім радыяцыйным запаведніку. Некаторыя наракаюць: украінская зона, якая была адкрытая для наведвання яшчэ 10 год таму, больш цікавая – можна прайсціся па мёртвай Прыпяці, наведаць з экскурсіяй атамную станцыю, паглядзець гіганцкі саркафаг. У нас жа – толькі адселеныя вёскі ды дзікая прырода.

Фота: belsat.eu

Але ж не, не толькі. На Гомельшчыне ёсць месцы, якія штогод прыцягваюць сталкераў у зону. Гэта старыя панскія сядзібы, што захаваліся ў забруджаных радыяцыяй Добрушскім і Веткаўскім раёнах Гомельскай вобласці. Іх нельга наведаць у любы дзень, за прыезд без дазволу можна патрапіць на патруль і атрымаць сур’ёзны штраф. Толькі раз на год пранікненне ў зону не пагражае сутыкненнем з міліцыяй – на Радаўніцу забруджаныя тэрыторыі адкрываюць для наведвання могілак.

«Бабка Аксінья казала, што пан быў добры, а пані – кепская»

Першы пункт нашага маршруту – вёска Дзямʼянкі Добрушскага раёну. Яшчэ ў нулявых тут цяплілася жыццё – было два дзясяткі жылых хат, быў сельсавет. Дзямʼянкі былі знакамітыя не толькі палацава-паркавым комплексам, але і выдатна захаванай вёскай, забудаванай капітальнымі домікамі пачатку XX стагоддзя. Але ўжо 5 год, як сельсавет «закапаў» вёску.

Схаваныя ў зеляніне домікі на ўездзе ў Дзям’янкі.
Фота: belsat.eu

Толькі пара схаваных у зеляніне домікаў на ўездзе ў Дзямʼянкі ілюструюць, як выглядала вёска раней. Хоць самыя гэтыя дамы тэрытарыяльна адносіліся да суседняй вёскі – Вылева.

Сядзіба Герардаў – відаць, найбольш яскравы прыклад псеўдарускага стылю ў сядзібнай архітэктуры Беларусі канца XIX ст. Складаны асіметрычны абʼём будынку быў накрыты адметным шатровым дахам ажно з трыма шпілямі, а з правага боку галоўнага фасаду знаходзілася паменшаная копія крамлёўскай вежы. Як і тагачасны Крэмль, сядзіба была пабеленая.

Сядзіба мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Фота: belsat.eu

Тагачасны гаспадар сядзібы, Мікалай Герард, хоць і пабудаваў сабе жыллё ў старажытнарускім стылі, але быў чалавекам сучасным і меў ліберальныя погляды. На піке сваёй дзяржаўнай службы ён займаў пасаду генерал-губернатара Вялікага княства Фінляндскага, пасля Кастрычніцкага перавароту застаўся ў Фінляндыі.

На ганку сядзібы нехта пакінуў пафарбаваныя яйкі.
Фота: belsat.eu

Сядзіба мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і знаходзіцца ў закансерваваным выглядзе – над сядзібай ёсць дах, а вокны і дзверы замураваныя. Гэтыя меры дапамогуць будынку прастаяць яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў.

Арачны мост-віядук.
Фота: belsat.eu

Перад самой сядзібай знаходзіцца натуральны роў, праз які быў перакінуты арачны мост-віядук. Стан яго сумны – драўляны насціл спарахнеў цалкам, арачная канструкцыя з цэглы разбураецца. Вільгаць і расліны паціху робяць сваю справу – ад ажурнай агароджы мосту хутка нічога не застанецца.

Драўляны насціл спарахнеў цалкам, арачная канструкцыя разбураецца.
Фота: belsat.eu

На клумбе паміж сядзібай і мостам стаяў помнік Леніну. Вандалы правялі дэкамунізацыю ці гэта зрабіла прырода, дакладна невядома.

Ад ажурнай агароджы мосту хутка нічога не застанецца.
Фота: belsat.eu

Пры «саветах» у сядзібе быў дзіцячы псіханеўралагічны інтэрнат, сілікатныя карпусы побач адносіліся да яго ж. Сёння ж тэрыторыю вывучаюць турысты.

На клумбе паміж сядзібай і мостам стаяў помнік Леніну.
Фота: belsat.eu

Зафіксаваны гамма-фон каля сядзібы перавышае натуральны, але небяспечных паказнікаў ён не дасягае. Знаходжаннем тут на працягу некалькіх гадзінаў пры такім выпраменьванні наўрад ці можна папсаваць здароўе.

Пры «саветах» у сядзібе быў дзіцячы псіха-неўралагічны інтэрнат.
Фота: belsat.eu

Вёска нежылая. Але жыццё тут не спынілася: палі засеяныя, на пляцоўцы сушыцца салома, грузавікі возяць прадукцыю.

Зафіксаваны гамма-фон каля сядзібы перавышае натуральны.
Фота: belsat.eu

Апошні жыхар Дзямʼянак, Мікалай Дарашэнка, радыяцыі не баіцца – мае сваю гаспадарку, палюе і рыбачыць. Асабіста да яго некалькі разоў на тыдзень прыязджае аўталаўка з прадуктамі.

Сельская гаспадарка тут і не думала паміраць.
Фота: belsat.eu

Спадар Мікалай ахвотна дзеліцца легендай пра мясцовага пана:

«Дачка ў яго была – Рыта. Кажуць, яна палюбіла, як тады казалі «краснага» – рэвалюцыянера. Бацька забараніў разам з ім ехаць. Тады ўзяла яна наган з сабой. І вось тут ёсць роў такі. Яна там сама сябе і застрэліла. Вось табе і пан. А бабка Аксінья казала, што пан быў добры, а пані – кепская. Пані немка была, шкадлівая. А да пана прыходзілі мужыкі, каб заняць грошы, то ён даваў».

Апошні жыхар Дзям’янак – Мікалай Дарашэнка.
Фота: belsat.eu

Легенду пра дачку Рыту памятаюць і былыя жыхары, якія сёлета прыехалі на Радаўніцу прыбрацца на могілках. Але іх аповед не такі падрабязны, як у спадара Мікалая. Кажуць, што раней ведалі, дзе была пахаваная панначка. Але зараз яе магіла зарасла і наўрад ці яе можна знайсці.

Былыя жыхары вёскі прыехалі на Радаўніцу прыбрацца на могілках.
Фота: belsat.eu

Людзі прыгадваюць, што ў дзяцінстве шукалі скарбы ля панскага палацу, спадзяваліся знайсці старыя манеткі. Але нічога не знаходзілі – хадзілі чуткі, што панскія скарбы ўжо нехта даўно выкапаў.

Былыя жыхары сёння вельмі сумуюць па сваёй вёсцы, кажуць, што дарэмна «пахавалі» іх хаты.

Ад сядзібы засталіся толькі капітальныя сцены

Едзем далей. Наступная кропка – сядзіба ў вёсцы Рэчкі Веткаўскага раёну. Гэты раён – больш брудны. Цалкам Рэчкі былі расселеныя ў 1992 годзе. Тады вёску пакінула адразу 200 семʼяў.

На фасадзе сядзібы яшчэ заўважныя два слупы – там быў ганак параднага ўваходу. Сама сядзіба застаецца практычна невядомай. Няма ніводнага здымку, зробленага да яе разбурэння. Нельга нават упэўнена назваць імёны яе гаспадароў.

Тут быў ганак параднага ўваходу ў сядзібу.
Фота: belsat.eu

Інфармацыі на шыльдзе давяраць няварта. Гледзячы на эклектычную архітэктуру сядзібы, можна меркаваць, што пабудавалі яе напрыканцы XIX стагоддзя. Хоць сядзіба і мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, але яе стан горшы за сядзібу Герардаў у Дзямʼянках.

Расліннасць паглынае пабудову. Ад сядзібы засталіся толькі капітальныя сцены. Аглядаючы іх, трэба быць асцярожным – побач як мінімум дзве глыбокія яміны, у якія можна праваліцца.

Фота: belsat.eu

У суседніх вёсках людзі прыбіраюць могілкі. Пра сядзібу ў Рэчках памятаюць і радыя, што яна захавалася. Але пра яе гісторыю ўжо нічога не могуць распавесці.

Унутры сядзібы растуць ужо дарослыя дрэвы.
Фота: belsat.eu

Наўрад ці можна казаць пра аднаўленне сядзібаў у чарнобыльскай зоне, але для нас каштоўныя нават іх руіны. Яны нагадаюць і пра адносіны паміж панамі і сялянамі, і пра саўгаснае жыццё, і пра найбуйнейшую тэхнагенную катастрофу найноўшага часу.

Апошні маршрутны аўтобус у Рэчках спыніўся ў 1992 годзе.
Фота: belsat.eu

Былыя жыхары вёсак і турысты зацікаўленыя, каб гэтая памяць жыла як мага болей, і каб гэтыя тэрыторыі былі дасяжныя не толькі на Радаўніцу.

Яблыневы сад пераўтварыўся ў джунглі.
Фота: belsat.eu
Брама адзначае ўезд у двор хаты. Толькі на месцы дому і гароду за 30 год вырас лясок.
Фота: belsat.eu

Сяргей Ляпін, фота аўтара belsat.eu

Стужка навінаў