Сяброўка затрыманага Эдуарда Бабарыкі – Аляксандра Зверава – нядаўна даведалася, што ў турме Эдуард атрымаў ад яе толькі два лісты. Дзяўчына кажа, што адправіла яму ажно 20. Аляксандра распавяла «Белсату», што першы ліст ад Эдуарда атрымала толькі 8 ліпеня, праз тры тыдні пасля затрымання.
Аляксандра Зверава лічыць, што прычына затрымання Віктара ды Эдуарда Бабарыкаў – выключна жаданне Лукашэнкі пераабрацца на шосты тэрмін.
«Сувязь з Эдуардам да ўчора я трымала выключна праз адваката. Таму, калі была магчымасць задаць нейкае пытанне, я пытала пераважна, як ён і што яму трэба. Учора, 8 ліпеня, я атрымала першы ад Эдзіка ліст. У дзень, калі з моманту затрымання мінула тры тыдні. У лісце ён згадаў, што ў СІЗА працуе БТ, а значыць, пэўная інфармацыя звонку паступае, толькі, выкажу здагадку, што не вельмі аб’ектыўная. У лісце Эдзік папрасіў падпісаць яго на якія-небудзь газеты. Падпішу на «Белгазету» ў першую чаргу», – адзначае Аляксандра Зверава.
Сяброўка затрыманага кажа, што Віктар і Эдуард Бабарыкі даведаліся пра відэа з Фрода, які падбадзёрыў іх.
«Я лічу што звязваць гэта відэа і палітыку не трэба ў прынцыпе. Уся сямʼя Эдзіка любіць «Уладара Кольцаў». Відэа было запісана для таго, каб падбадзёрыць і парадаваць Віктара і Эдуарда ў гэты цяжкі час. І, па словах адвакатаў, яны былі неверагодна рады пачуць, што іх падтрымаў Фрода. Вось для гэтага відэа і стваралася», – кажа Аляксандра.
Раней дзяўчына ў сваім Facebook напісала, што відэа сапраўды зʼявілася дзякуючы сэрвісу Cameo. Сэрвіс дае магчымасць адправіць запыт вядомаму чалавеку з просьбай запісаць відэазварот.
«Я перакананая, што 200 $ – не тая сума, якая можа нейкім чынам паўплываць на бюджэт Элайджа Ўуд. І зусім дакладна гэта не тая сума, дзеля якой актор вырашыў прачытаць пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Чалавек, які адпраўляў запыт Элайджа, распавёў мне, што амаль усе словы з паслання актор дадаў ад сябе. Гэта значыць перш, чым сваё паведамленне запісаць, Элайджа сапраўды азнаёміўся з сітуацыяй. Мне яго пасланне падалося вельмі шчырым», – адзначыла дзяўчына Эдуарда Бабарыкі.
Аляксандра Зверава кажа, што верыць у тое, што ў гэтай сістэме працуюць добрыя людзі, якія проста пакуль не знайшлі ў сабе сіл супраціўляцца.
«Гэта як беларуская «апалітычнасць», якая не таму, што людзям пляваць, у якіх умовах жыць, а таму, што яны ведаюць, што іх меркаванне дзяржаве не трэба і не цікава. А гэта так, нам гэта дзяржструктуры кожны дзень ужо цалкам адкрыта дэманструюць.
Людзі баяцца, што іх не падтрымаюць, баяцца згубіць працу, заробкі, у нашай дзяржавы на страху грунтуецца ўся рыторыка і ўсе дзеянні. План пасяўной не выканаў – сядзеш, балатуешся – сядзеш, на вуліцу пойдзеце – нагадаем, як людзей расстрэльвалі, футболку хочаце купіць – 15 дзён арышту. На 3 ліпеня затрымалі хлопцаў у футболках «3 ліпеня». Інтэрнэт-апытанні ў нас ужо забаранілі.
Так, я думаю што нават сярод амапаўцаў ёсць хлопцы, якія перад сном задаюць сабе пытанне, як так цікава павярнулася жыццё, што даводзіцца заломваць рукі людзям, якія стаялі ў чарзе ў краму. Думаю, што такім людзям трэба ўбачыць падтрыманне і нейкую перспектыву, Таму мяне асабліва цешаць праекты, калі ўладальнікі бізнесу прапануюць працаўнікам сілавых структур перавучыць іх. Бясплатна».
СК belsat.eu