Дзясяткі тысяч беларусаў гуляюць у самы вядомы прадукт беларускіх жа праграмістаў – анлайн-гульню «World of Tanks».
Раней яны біліся з праціўнікамі ў Парыжы, на Курскай дузе ці на вуліцах разбітых бомбамі нямецкіх гарадоў. Цяпер полем бою можа стаць Менск… пасляваенны.
Беларускія гульцы доўгі час прасілі стварыць беларускую мапу – і кампанія разглядала некалькі варыянтаў пераўтварэння сталіцы ў поле бою. Першапачаткова планавалася, што месцамі для сутыкнення трох дзясяткаў браніраваных монстраў будуць або Траецкае прадмесце, або раён Чыгуначнага вакзалу.
Аднак у канцы чэрвеня аказалася, што абраны новы варыянт – раён Свіслачы каля Дзяржаўнага цырка і пляца Перамогі.
Пры гэтым Менск на мапе – горад 1960-х-1970-х гадоў, з помнікам Перамогі, надпісам «Подвиг народа бессмертен», шапікамі, аўтобусамі і аўтамашынамі пасляваенных мадэляў. Зразумела, што і праспект Незалежнасці – гэта ўжо пашыраная пасля вайны вуліца Савецкая з будынкамі ў стылі «сталінскі ампір».
Цікава, што, аднак, назвы вуліц на шыльдах – сучасныя і беларускамоўныя, то бок ніякага «Ленінскага праспекта».
Відаць, у гэтай версіі гісторыі Беларусь атрымала незалежнасць адносна хутка пасля Другой сусветнай, якую сам сталінскі СССР, верагодна, не перажыў. Дарэчы, зусім нядрэнны варыянт развіцця падзей.
Створаная беларускімі праграмістамі гульня, колькасць зарэгістраваных удзельнікаў якой перавысіла 150 мільёнаў асобаў, у асноўным канцэнтруецца на гісторыі развіцця танкаў у 1920-я-1950-я гады – часе найбольш імклівага развіцця і масавага баявога выкарыстання браніраваных армадаў.
У гульні ўвасобленыя шматлікія цікавыя машыны, якія існавалі толькі ў выглядзе праектаў і часам не мелі нават макетаў. Гэтак у ёй існуюць магчымыя нямецкія познія праекты танкаў, якія так і не ўзніклі ў метале, а таксама эксперыментальныя машыны, прататыпы і проста папяровыя распрацоўкі танкаў СССР, ЗША, Францыі і іншых краін.
Такім чынам трохі «альтэрнатыўна-гістарычны» Менск ніяк не супярэчыць агульнай атмасферы гульні.
Асноўны цэнтр распрацоўкі «Свету танкаў» знаходзіцца ў Менску, хоць сама кампанія зарэгістраваная на Кіпры. Найбольшай папулярнасцю гульня карыстаецца ў краінах СНД, ільвіная частка гульцоў – пераважна ў Расеі.
Такім чынам у першыя гады існавання сайт «Свету танкаў» і гульня для краінаў СНД былі цалкам расейскамоўнымі, хоць гульцы неаднаразова падымалі пытанні нацыянальных моваў і агучкі. З’яўляліся беларускамоўныя каманды і самаробныя варыянты агучкі і перакладаў.
Аднак у пачатку сакавіка 2016 года – за пару тыдняў да 25 сакавіка – сама кампанія цалкам пераклала гульню на беларускую мову. Нават чальцы экіпажу цяпер дакладваць гульцу пра трапныя стрэлы – па-беларуску. Беларускамоўнымі сталі таксама ўзнагароды, інтэрфейс гульні і апісанні тэхнікі. У інтэрнэце зʼявіліся беларускамоўныя рэкламныя абʼявы «Свету танкаў». Таксама зʼявіліся ўкраінская і казахская мовы.
Калі канкрэтна зʼявіцца новая мапа – невядома, аднак, як мяркуе знаўца гульні Сяргей Карапецян, які вядзе Youtube-канал пад нікам Vspishka, у незалежны Менск 1970-х гадоў гульцы могуць патрапіць прыкладна на Дзень танкіста – то бок 9 верасня.
Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu