Прызначылі суд над анархістам і былым палітвязнем Змітром Паліенкам. Працэс над ім пачнецца ў Менскім гарадскім судзе 25 верасня а 10-й гадзіне, паведамляе радыё «Свабода».
Паводле СК, 13 сакавіка Зміцер Паліенка распыліў пярцовы газ з балончыка ў твар чалавеку, які нібыта зрабіў яму заўвагу за курэнне ў пад’ездзе (паводле сяброў Паліенкі, гэта была самаабарона ад п’янага нападніка). 20 сакавіка Паліенку затрымалі. Праз тыдзень стала вядома, што за кратамі ён аб’явіў галадоўку.
Абвінавачанне яму выставілі толькі 5 красавіка (хоць павінныя былі цягам 10 дзён).
На дадзены момант супраць Паліенкі распачатыя справы паводле пяці эпізодаў:
паводле арт. 130 – за распальванне варожасці да міліцыянтаў;
паводле часткі 3 арт. 339 – за хуліганства (паводле сяброў Паліенкі і яго самога, гэта была самаабарона ад п’янага нападніка);
паводле арт. 341 – за графіці «Менты забіваюць людзей»;
паводле арт. 341 – за графіці ў Курапатах;
паводле арт. 369 – за абразу былога міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча.
Найбольшае пакаранне яму пагражае за хуліганства – да дзесяці гадоў.
У 2016 годзе Паліенку асудзілі за «гвалт або пагрозу ўжывання гвалту ў дачыненні да працаўніка органаў унутраных спраў» і «выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару». Ён выйшаў на волю ў кастрычніку 2018 году.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» прызнала яго вязнем сумлення. Беларускія праваабаронцы прысуд яму называлі палітычна матываваным.
МГ belsat.eu