Суд над галоўнай рэдактаркаю TUT.BY пачнецца 12 лютага


Працэс над галоўнай рэдактаркаю TUT.BY Марынай Золатавай распачнецца 12 лютага. Справу будуць разглядаць у судзе Заводскага раёну Менску. Аднак хутчэй за ўсё працэс пройдзе ў будынку суда Маскоўскага раёну, дзе ёсць памяшканні большыя, паведамляла ў Фэйсбуку афіцыйны прадстаўнік Вярхоўнага суда Юлія Ляскава.

Марына Золатава засталася адзінай абвінавачванай па «справе БЕЛТА», астатнія фігуранты – 14 супрацоўнікаў розных СМІ – былі вызваленыя ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай. Акрамя штрафаў, журналісты былі абавязаны кампенсаваць шкоду. Сумы розныя – ад 3 да 17 тысячаў рублёў.

Галоўную рэдактарку TUT.BY абвінавачваюць паводле артыкулу бяздзейнасць службовай асобы, санкцыя артыкулу – ад штрафу і да 5 гадоў пазбаўлення волі.

СК двойчы адмовіў Золатавай ў задавальненні хадайніцтва аб спыненні крымінальнага пераследу.

7 жніўня ў офісах кампаніяў TUT.BY і БелаПАН прайшлі ператрусы і затрыманні. Былі затрыманыя галоўны рэдактар ​​TUT.BY Марына Золатава, рэдактары парталу Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, галоўны рэдактар ​​БелаПАН Ірына Леўшына і міжнародны аглядальнік інфармагенцтва Таццяна Каравянкова, карэспандэнт «Нямецкай хвалі» Паўлюк Быкоўскі і рэдактар ​​інтэрнэт-сайту газеты «Беларусы і рынак» Аляксей Жукаў. Усе яны правялі па некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўразвяз, Рада Еўропы, ЗША, а таксама міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў