Суд Першамайскага раёну Менску агучыў прысуд Андрэю Галавачу, які знаходзіцца за кратамі ўжо 50 месяцаў. Яго прызналі невінаватым у атрыманні хабараў і злоўжыванні ўладай. Галоўны інжынер МЗКЦ рэкардсмен па часе, праведзеным у СІЗА, пры гэтым па першай справе ён быў апраўданы ў судзе тройчы, піша TUT.BY.
Напярэдадні пракурор Юрый Шарснёў заявіў, што віна Галавача даказаная ў поўным аб’ёме, ён папрасіў суд прызнаць фігуранта вінаватым і прысудзіць да 9 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.
Абаронцы галоўнага інжынера МЗКЦ казалі пра адваротнае. Ніводзін з чатырох хабарадавальнікаў не зʼявіўся на працэс, іх паказанні падчас папярэдняга расследавання непаслядоўныя і супярэчлівыя, няма ні відэа, ні аўдыязапісу, якія б пацвярджалі, што Галавач браў хабар.
Таму суд пастанавіў апраўдаць абвінавачанага.
Падчас працэсу Андрэй Галавач распавёў, што знаходзіцца за кратамі ўжо 50 месяцаў. Інжынера затрымалі ў траўні 2015 году паводле абвінавачвання ў атрыманні хабару. Пасля апраўдальных прысудаў галоўны інжынер МЗКЦ можа звяртацца ў суд з патрабаванне кампенсацыі маральнай шкоды ў сувязі з утрыманнем у СІЗА.
СК belsat.eu