25 траўня ў Менскім гарадскім судзе адбыўся разгляд касацыйнай скаргі МУС Беларусі, на рашэнне Завадскога раённага суду, які пастанавіў выплаціць грашовую кампенсацыю маральнай і матэрыяльнай шкоды маці і сястры Ігара Пцічкіна.
23 сакавіка суд прызнаў сваякоў Пцічкіна пацярпелымі і прызначыў ім выплату у памеры Br 30 000.
Менскі гарадскі суд пастанавіў, што МУС павінен выплаціць сямʼі Пцічкіна Br 36 000 (30 000 – за маральную шкоду і6 000 – за матэрыяльную). З МУС знялі абавязак заплаціць дзяржаўную мыту за разгляд справы ў судзе.
Галоўным аргументам МУС падчас разгляду касацыйнай скаргі было тое, што сямʼя Пцічкіна мае патрабаваць кампенсацыю ў Міністэрства фінансаў.
У касацыйнай скарзе МУС сцвярджаў, што законам абавязак па кампенсацыі шкоды можа быць ускладзены на асобу, якая не з’яўляецца прычынай нанясення шкоды і ў такім выпадку адказнасць нясе дзяржаўная казна.
Ігар Пцічкін памёр у СІЗА №1 на «Валадарцы» у ноч з 3 на 4 жніўня 2013 году пасля некалькіх дзён арышту за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане.
Першапачатковая экспертыза паказала, што смерць наступіла ў выніку болевага шоку і сардэчнай недастатковасці. У кастрычніка 2016 году суд прызнаў вінаватым фельчара СІЗА № 1 Аляксандра Крылова ў неналежным выкананні службовых абавязкаў, якія сталі прычынай смерці Пцічкіна.
ЮВ, belsat.eu