Тэлеканал СТВ паведаміў, што рэпарцёрка Алена Казлова, якая падчас жывога ўключэння не дала рады распавесці пра забег цвярозасці ў сталіцы, перахвалявалася ад стрэсу і стомленасці.
«Дзяўчына перахвалявалася. Яна ўвесь дзень была на нагах, здымала, увечары было адно з першых для яе наўпроставых уключэнняў. У яе падняўся ціск, пасля заканчэння ўключэння карэспандэнтка страціла прытомнасць, яе прыводзіў у пачуццё аператар. Алене спатрэбілася медычная дапамога. Цяпер з ёй, дзякуй Богу, усё ў парадку», – патлумачыў у размове з «Tut.by» намеснік генеральнага дырэктара СТВ Кірыл Казакоў.
Карэспандэнтка СТВ Вераніка Грышкова напісала, што дзяўчына выходзіла ў жывы эфір упершыню.
«Вельмі ўдзячная ўсім калегам, якія выказалі ёй асабіста словы падтрымання, я паважаю ўсіх калег, якія не сталі хайпіць і выдумляць міфы пра яе стан. Спадзяюся, што ўсім астатнім хопіць годнасці змяніць загалоўкі і выправіць несправядлівасць», – дадала Грышкова.
Увечары 1 студзеня тэлеканал СТВ правёў наўпроставае злучэнне з Верхняга гораду ў Менску пра забег цвярозасці і адкрыццё гарналыжнай трасы «Сонечная даліна». Карэспандэнтка распачала яго ўпэўнена, але праз хвіліну пачала запінацца і перайшла на чытанне з паперкі. Гэта выглядала настолькі нетыпова, што вядоўца заўчасна развітаўся з Казловай. Пасля публікацыі відэа ў інтэрнэце з’явіліся каментары, што журналістка не падтрымала спартовай акцыі цвярозасці.
ДД belsat.eu