Менскі гарадскі суд 11 лютага распачаў разгляд справы былога дырэктара РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, акадэміка Аляксандра Бялецкага. Яго вінавацяць у злачынстве, прадугледжаных ч.3 арт. 430 (атрыманне хабараў неаднаразова ў асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэксу Беларусі. Абвінавачаны прызнаў сваю віну.
Да пачатку працэсу з журналістамі пагутарыў сябар Бялецкага Сяргей Сомаль, які прыйшоў падтрымаць яго. Мужчына заявіў, што не верыць у версію следства і лічыць Бялецкага невінаватым.
«Даю галаву на адсячэнне, што ён не браў хабару, гэтага не магло быць», – сказаў ён.
Сябар ахарактыразаваў падсуднага як «выдатнага доктара» і адзначыў: максімум, што той мог атрымліваць – гэта падзяку ад пацыентаў у выглядзе «кветак або бутэлек».
Абвінавачаны з’явіўся ў судзе за некалькі хвілінаў да пачатку працэсу, ад каментароў журналістам ён адмовіўся. Паводле яго словаў, цяпер ён пенсіянер, пасаду дырэктара РНПЦ займаў да ліпеня 2018 года, пакуль не быў узяты пад варту.
Вядзе працэс суддзя Валянціна Зянькевіч. На пачатку пракурор Сяргей Гергель зачытаў абвінавачванне. На пытанне суддзі, ці прызнае ён сваю віну, Бялецкі адказаў: «Так, прызнаю цалкам».
Сярод матэрыялаў справы – паказанні сведкаў, былых падначаленых Бялецкага, плацёжныя дакументы, пратаколы вочных явак і явак з павіннай ды інш. Нягледзячы на тое, што адвакат прасіла спачатку заслухаць паказанні сведкаў, суд пастанавіў спачатку дапытаць абвінавачанага.
Паводле дзяржабвінаваўцы, Бялецкі, будучы службовай асобай і знаходзячыся ў службовым кабінеце, прымаў нен менш за 1 тысячу еўраў ад прадстаўніка фірмы «Медыясфера». Следства мяркуе, што былы дырэктар атрымаў гэтыя грошы за спрыяльнае вырашэнне пытання з аплатай паслугаў «Медыясферы». Фірма заключыла шэраг дамоваў з РНПЦ на пастаўку медычнага абсталявання. Бялецкі нібыта папрасіў бухгалтэрыю РНПЦ хутка вырашыць праблему з аплатай. Паводле следства, медычны функцыянер яшчэ двойчы атрымаў хабар ад гэтай кампаніі – у 2017 і 2018 гадах, адну і дзве тысячы еўраў адпаведна. Грошы перадавалі яму ў канверце. Дырэктара фірмы, Рачынскага, ён ведаў асабіста на працягу 25 гадоў, яны сябравалі.
Бялецкі падчас дачы паказанняў адзначыў, што сам не ўваходзіў у закупачную камісію РНПЦ, але зацвярджаў яе склад. Камісія складалася цалкам з ягоных падначаленых.
«На калегіі ў Міністэрстве аховы здароўя гаварылі, што жыраваць не будзем у гэтым годзе, трэба купіць толькі самае неабходнае». Я мог папрасіць нешта скараціць са спісу, не паказваючы, што менавіта», – распавёў ён.
Пры гэтым ён падкрэслівае, што «Медыясфера» была эксклюзіўным пастаўшчыком медычнага абсталявання і фактычна манапалістам у Беларусі ў гэтай сферы. Бялецкі сцвярджае: тады ён успрымаў гэта як падарунак, але цяпер згодны, што браў хабар.
Што тычыцца вялікіх сумаў грошай, знойдзеных дома і на рахунках Бялецкага, той адзначае, што грошы не былі звязаныя з прафесійнай дзейнасцю, а паступілі ад сяброў як пазыка або падарунак, прызначаліся для асабістых мэтаў.
Таксама Бялецкі распавёў пра свае сяброўства з буйным бізнесоўцам Аляксандрам Шакуціным, які «дапамагаў фінансава апошнія 20 гадоў». Гэтага факту экс-дырэктар РНПЦ нібыта не прыхоўваў і расцэньваў як падтрымку ў межах асабістых стасункаў. Акрамя Шакуціна, яму дапамагаў уладальнік нафтаперапрацоўчага заводу ў Расеі Валеры Шумскі – той пазычыў 140 тысяч на набыццё дому.
Пасля допыту абвінавачанага суд пастанавіў перайсці да паказанняў некаторых сведкаў у справе.
***
Старшыня КДБ Валерый Вакульчык абвясціў пра затрыманне Бялецкага 11 ліпеня 2018 года. «Пры правядзенні ператрусу ў яго гаражы і па месцы жыхарства ў тайніках выяўлена каля $ 500 тыс. у эквіваленце», – распавёў тады старшыня КДБ. Пазней Бялецкаму змянілі меру стрымання на хатні арышт.
КА, belsat.eu