Справу блогераў-палітвязняў Пятрухіна і Кабанава рыхтуюць перадаць у суд


Аляксандр Кабанаў напісаў ліст жыхарцы Берасця, у якім паведаміў, што яго і Сяргея Пятрухіна пераводзяць у СІЗА ў Берасце. Падчас дасудовага следства блогеры заставаліся ў следчым ізалятыры на Валадарскага ў Менску.

У лісце, які апублікавала «Брестская газета», Аляксандр Кабанаў паведамляе, што ягоную крымінальную справу перадалі ў пракуратуру для накіравання ў суд.

«А я хутка да вас, у Берасце. Закрыў справу, яе перадалі ў пракуратуру, і хутка будзе ў «судзе». А судзіць будуць у Берасці, і мяне, і Сяргея (Пятрухіна. – Заўвага belsat.eu). Так што хутка перавязуць у СІЗА Берасця. І будуць вазіць у «суд». Таму прыходзьце, калі ласка. І прыводзьце знаёмых. Толькі не здзіўляйцеся з нашай справы, у якой няма ні аднаго доказу. Адны здагадкі і фантазіі. Ну, усё як заўсёды, беларускае «правасуддзе» – яно такое, своеасаблівае. Як і следства», – піша Кабанаў.

Ліст датаваны 28 снежня 2020 года. Не выключана, што блогер ужо ў Берасці.

Hавiны
«Абавязкова напішу мемуары». Палітвязні Кабанаў і Пятрухін дасылаюць лісты на волю
2020.07.25 14:08

Аляксандра Кабанава затрымалі 15 чэрвеня, калі ён пайшоў па выкліку ў паліклініку для кантролю з нагоды каранціну. Суд пакараў блогера арыштам 15 содняў. Аднак 20 чэрвеня блогер знік з ІЧУ. Ягоны лёс стаў вядомы праваабаронцам толькі 25 чэрвеня, калі ў бацькоў Аляксандра Кабанава адбыўся ператрус, а яго самога перавезлі ў Менскае СІЗА-1.

Сяргея Пятрухіна затрымалі 16 чэрвеня недалёка ад Пухавічаў для адбыцця 15 содняў арышту. Пазней высветлілася, што ён стаў фігурантам «справы Ціханоўскага», якая была распачатая пасля інцыдэнту, які адбыўся ў Горадні 29 траўня падчас пікету для збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую.

Праваабаронцы прызналі Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава палітзняволенымі.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў