Сюжэт «Аб’ектыву» пра затрыманне журналістаў (за 20.08.2018)
На 27 верасня ў Следчы камітэт па «справе БелТА» выклікаюць трох супрацоўнікаў інфармацыйнага агенцтва. Дзмітрый Наважылаў і Раман Салікаў маюць прыйсці да следчых у якасці сведкаў, а Таццяна Каравянкова – як падазраваная.
28 верасня мусіць з’явіцца на допыт галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына, паведамляе ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».
На допытах у якасці сведкаў на гэтым тыдні таксама пабывалі журналісты інфармацыйнага агенцтва Сяргей Каралевіч і Аляксей Аляксандраў, а перад гэтым 21 верасня – рэдактар Андрэй Серада.
7 жніўня Следчы камітэт паведаміў пра ўзбуджэнне крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 349 (несанкцыяваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі, учынены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды) Крымінальнага кодэксу.
Ведамства заявіла пра нанясенне шкоды РУП «БелТА», якая выявілася ў «неправамерных завалоданні і выкарыстанні абароненай ад пабочнага доступу інфармацыі, а таксама падрыве дзелавой рэпутацыі прадпрыемства». У злачынстве абвінавацілі прадстаўнікоў выдавецкага дому «Беларуская навука», ЗАТ «БелаПАН» і ТАА «ТутБай Медыя».
7-9 жніўня ў рэдакцыях незалежных медыяў і ў некаторых журналістаў і рэдактараў прайшлі вобшукі. 27 жніўня большасці падазраваных забаранілі выезд з краіны.
На дадзены момант падазраванымі па «справе БелТА» праходзяць дзесяць журналістаў.
Рэдакцыі і журналістаў падтрымалі Еўразвяз, Рада Еўропы і ЗША.
НМ, belsat.eu