Брытанская, французская, швейцарская контрвыведкі сумесна з партнёрамі, у тым ліку амерыканскімі, склалі спіс з пятнаццаці афіцэраў расейскай вайсковай выведкі (ГРУ), якія стала прыязджалі і спынялі ў Альпах, на мяжы Швейцарыі і Францыі, піша выданне Lemonde.
Спецслужбоўцы Еўропы вясной 2018 году распачалі беспрэцэдэнтнае сачэнне за расейскімі шпіёнамі. У выніку складзены спіс з 15 асобаў, якія з’яўляюцца афіцэрамі выведкі Расеі. Усе спецлужбоўцы зʼяўляюцца прадстаўнікамі падраздзялення, што спецыялізуецца на забойствах. У прыватнасці, менавіта яны рабілі спробу забойства Сяргея Скрыпаля ў Вялікай Брытаніі.
Афіцэры ГРУ цягам 2014 – 2018 гадоў перапраўляліся і пражывалі ў Францыі. Яны прыязджалі з Лондану, Масквы, Іспаніі або Швейцарыі. Гэтыя людзі рэгулярна спыняліся ў адным і тым жа дэпартаменце, у Верхняй Савоі. На думку французскай контрвыведкі гэты памежны з Швейцарыяй раён служыў тылавой і матэрыяльна-тэхнічнай базай ГРУ падчас дзеянняў па ўсёй Еўропе.
СК belsat.eu