Менск, Берасце, Горадня Віцебск, Магілёў, Баранавічы – па ўсіх гарадах людзі збіраюцца, каб пакінуць свае подпісы, каб іх кандыдаты былі ў выніку зарэгістраваныя ЦВК.
У нядзелю, 31 траўня, людзі працягваюць збірацца каля зборшчыкаў подпісаў, каб пакінуць свой подпіс за таго ці іншага кандыдата ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта. Асабліва вялікія чэргі сталі ўтварацца пасля таго, як у Горадні, 29 траўня, затрымалі блогера Сяргея Ціханоўскага, давераную асобу і мужа Святланы Ціханоўскай.
Ва ўсіх беларускіх гарадах, дзе зараз збіраюць подпісы кандыдаты пратэсту і асабліва прадстаўнікі Святланы Ціханоўскай, зараз утвараюцца чэргі з ахвочых аддаць свой подпіс. Прапануем чытачам Belsat.eu зірнуць, як гэта адбываецца сёння, 31 траўня, у розных беларускіх гарадах.
31 траўня пікеты па збору подпісаў за вылучэнне прэтэндэнтаў у прэзідэнты Беларусі прайшлі і ў Магілёве. Самыя масавыя пікеты адбыліся на плошчы перад Магілёўскім гарвыканкамам. Менавіта тут 27 траўня ладзіў пікет сам Сяргей Ціханоўскі. Сёння ж на пікеце ўпершыню збіралі подпісы за вылучэнне Вольгі Кавальковай. Яна сама прыехала на свой пікет з Менску.
Паводле Вольгі, галоўная мэта зараз – паказаць усёй краіне, колькі людзей зараз не падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку, каб гэта разумелі і міліцыянты, і настаўнікі. Вольга Кавалькова робіць пікеты, каб даць людзям легальны спосаб выказаць свой пратэст, а таксама падтрымаць Сяргея Ціханоўскага. Пра гэта яна і казала ў сваёй прамове на пікеце.
Калі натоўп пачаў скандзіраваць лозунгі, з’явіўся супрацоўнік Ленінскага РАУС і папрасіў абысціся без лозунгаў. Пасля на пікет прыйшла камісія, якая пачала правяраць дакументы ў зборшчыкаў подпісаў. Вользе Кавальковай нават прыйшлося ўступіцца за зборшчыкаў і патлумачыць сябрам камісіі заканадаўства.
Хоць на пікеце ў Магілёве і збіраліся подпісы за Вольгу Кавалькову, Мікалая Казлова і Валерыя Цапкала, але вялікую чаргу людзі стварылі менавіта, каб паставіць подпіс за вылучэнне Святланы Ціханоўскай. Гэтая чарга расцягнулася на ўсю плошчу. Не спужаў жыхароў Магілёва і моцны дождж.