Следчы камітэт: у гібелі двухмесячнага дзіцяці пасля прышчэпкі вінаватая шматорганная няздатнасць


Да такой высновы эксперты прыйшлі падчас правярання па факце смерці двухмесячнага Кірыла Рабцэвіча з вёскі Вялікія Круговічы, што ў Ганцавіцкім раёне.

Паводле следчых, хлопчык праходзіў планавыя агляды доктарам, падчас якіх адхіленняў і алергічных рэакцыяў не выявілі, таму прадбачыць развіццё алергічнай рэакцыі перад увядзеннем вакцынаў было немагчыма.

«Паталагічны працэс, які прывёў да крытычнага стану, развіваўся хутка і непрадказальна», – падае вынікі экспертызы Следчы камітэт.

Размова
Лекар: Скандал вакол прышчэпкі «Эўпента» можа спарадзіць новую карупцыю
2018.09.18 22:27

Разам з тым адмысловая камісія Міністэрства аховы здароўя выявіла шэраг парушэнняў у вядзенні дакументацыі і ў інфармаванні бацькоў пра магчымыя пабочныя эфекты. Да работнікаў ужылі захады дысцыплінарнага спагнання.

«Аднак выяўленыя недахопы ў прычыннай сувязі са смерцю дзіцяці не знаходзяцца. Якіх-небудзь парушэнняў, звязаных беспасярэдне з тактыкай і тэхнікай увядзення вакцынаў таксама не ўстанавілі».

Паводле экспертызы, прычына смерці дзіцяці – шматорганная няздатнасць, абумоўленая цяжкаю анафілактычнаю рэакцыяй неадкладнага тыпу на адэкватна прызначаныя ды правільна ўведзеныя вакцыны «Imovax Polio» і «Eupenta».

Следчыя не пабачылі ў дзеяннях медыкаў складу злачынства.

Цяпер імунізацыя вакцынай «Eupenta» ў Беларусі працягваецца. Са студзеня да жніўня 2018 года зрабілі каля 100 тыс. прышчэпак «Eupenta’ы» і толькі ў двух выпадках зарэгістраваныя пабочныя рэакцыі.

***

Кірыл Рабцэвіч памёр 13 жніўня. Пасля трагічнага выпадку ў Ганцавіцкім раёне ў Беларусі спынілі выкарыстанне толькі двух серый «Эўпенты».

Паводле Міністэрства аховы здароўя, рашэнне набыць «Эўпенту» прынялі пасля збою паставак расейскай вакцыны. Чыноўнікі з міністэрства сцвярджаюць, што «Эўпента» мае міжнародныя пацверджанні якасці (карэйская прышчэпка прайшла «перакваліфікацыю» (праверку) у Сусветнай арганізацыі аховы здароўя).

Стужка навінаў