Калядныя святы для кагосьці суцэльная магія, а некаму – нагода добра пад’есці, паспяваць ды пабачыцца са сваякамі. Пра традыцыі, якія мы беражэм у сваіх сучасных кватэрах, і пра тое, без чаго Каляды не магчымыя, распавядаюць беларускія артысты і творцы.
Мае Каляды – сямейнае свята. Без гасцей. Гэта асаблівы час, калі я ўзгадваю маіх продкаў, думаю пра тое, адкуль я, пра дзяцінства. Мы аздабляем ялінку. Абавязкова ходзім на прагулку. Купляем што-небудзь прыемнае, падарункі адзін аднаму. Можам зʼездзіць на могілкі да бацькоў.
Я гатую вячэру, накрываю на стол, запальваю свечкі. І мы з мужам святкуем удваіх. Наступны дзень мы гэтаксама спакойна праводзім удома. Гэта самае ціхае і хатняе свята. Адзначаем Каляды мы па еўрапейскай традыцыі 24 і 25 снежня. Кулінарных правілаў няма, кожны раз гатую нешта іншае. Летась увогуле баршчу наварыла, і мы смяяліся, што гэта калядны боршч. Але часцей за ўсё – салацікі, рыбу. Мяса мы амаль не ямо.
Я вырасла ў сямʼі, дзе Каляды не адзначалі. Новы год быў дазволеным і любімым святам, а Каляды рэабілітавалі толькі нядаўна. Таму для мяне гэта свята, якое я выгадавала са збожжа сваёй веры. Яно складаецца з песень і страваў, пра якія я прачытала ў кнігах, з калядных вершаў Бродскага, які пісаў іх кожны год 25 снежня, і з майго жадання цуду. У мяне няма аднаго спосабу святкаваць Каляды, я кожны раз прыслухоўваюся да сябе і знаходжу новы. І цуд усё роўна штогод адбываецца.
Гэта заўжды чаканне цуду і добры настрой. У савецкія часы мы, гарадскія дзеці, бегалі па кватэрах і калядавалі. Ну як калядавалі – ніхто ж нас не вучыў, як трэба, вось і рабілі, хто што можа. Адзін хлопец дзесьці пачуў, што трэба казаць так: «Калядуем, калядуем, каўбасу чуем!» І мы ўсім гуртам, як дурныя, толькі гэта і паўтаралі. Што нам толькі не давалі: і цукеркі, і мандарыны, і яблыкі, і печыва. Вось толькі каўбасу ніхто не кінуў у наш мяшок.
Ужо пазней мне пашчасціла патрапіць на сапраўдныя каляды ў вёску. От дзе былі прыгожыя калядныя песні! І каза, якой «каб яна ўстала, дайце кавалак сала», і кажухі навыварат. І добры такі мяшок з-пад бульбы для пачастункаў. І каўбаса была. Сапраўдная, хатняя, пальцам пханая. З той пары Каляды для мяне – заўсёды колца духмянай, з водарам часныку і спецый, пальцам пханай каўбасы.
Гадоў дваццаць таму знайшла стары рэцэпт, як гатаваць груцу на куццю, каб яна была смачнай: спачатку крупу трэба замачыць на 12 гадзін, прыкладна на два пальцы каб вады было. Потым зліць ваду і дадаць малако, таксама на 2 пальцы. Давесці да кіпню, і адразу рондаль, у якім варацца крупы, паставіць у большы па памеру рондаль з вадой, у так званую «паравую лазню», тады крупы гатуюцца на невялікай тэмпературы і не прыгараюць. Трэба толькі сачыць, каб вада не выкіпала і патроху падліваць гарачае малако ў груцу. А варыць прыйдзецца доўга – па старажытным рэцэпце амаль 6 гадзін. Я толькі пару разоў вытрымала гэты тэрмін, часцей за ўсё майго цярпення хапала 3-4 гадзіны. Груца атрымліваецца, дзякуючы такой тэхналогіі, надзвычайна смачнай і далікатнай. Далей – у гатовую кашу дадаць мёд, разынкі, арэхі і мак. Мак старыя людзі раяць заліць кіпенем, вытрываць 10-15 хвілін, зліць ваду, расцерці ў спецыяльнай ступцы да белага колеру і толькі потым дадаваць у куццю. Але мне падабаецца, калі маленькія крупіначкі маку хрусцяць на зубах, таму я яго толькі распарваю і адразу змешваю з куццёй.
Калі куцця астыне, яе шыкоўна выкладаць у шкляныя келіхі ці крэманкі, упрыгожваць узбітымі вяршкамі, цукатамі і свежай мятай. Атрымліваецца сапраўдны сучасны дэсерт. З гаршчэчка, як рабілі нашы продкі, мне ўжо куццю есці не так смачна, як з вытанчанага шклянога посуду. Я дастаю сваю любімую срэбную лыжачку, дакладную копію лыжачкі Людовіка XIV, якую я прывезла з Вэрсалю, і пачынаю каштаваць сваю куццю. Мне радасна і хораша. Вось такія ў мяне Каляды.
Каляды для мяне – гэта радасць і надзея, якія нас абʼядноўваюць. А немагчымыя яны без любові ў сэрцы. Яшчэ гэта традыцыя: 24 снежня – касцёл, 25 – качка з яблыкамі і падарункі.
У Берліне мы святкуем з сябрамі ўсе святы кола году, самы галоўны з якіх – Ёль (свята зімовага сонцастаяння). Збіраюцца зусім розныя людзі з розных краін. Спяваем па беларуску, расейску, украінску. Сёлета мы рыхтуем калядкі, якія заспяваем для немцаў. Я гатую шубу, бабуля – фаршырованыя блінчыкі, а Ільзэ – гуся, якога адмыслова замаўляе на ферме, ён вельмі доўга пячэцца ў духоўцы. Дзеці ў гэты час аздабляюць ялінку. Пасля вячэры ўрачыста ўручаем падарункі, шмат спяваем, граем на раялі, гітарах, перкусіі.
Каталіцкае Раство мы пачнем святкаваць упершыню сёлета, бо гэта свята Яна, майго сябра. Бабуля нас вучыла, што Раство – сапраўднае свята, у адрозненні ад Новага году. А савецкая школа вучыла іначай. Таму мы адзначаем усе святы, а падарункі робім спантанна, хто каму хоча і ў любы час. Гэтак сама і з царквой – ходзім не па раскладзе, а па адчуванні. Амаль адмовіліся ад мяса. Штогод я раблю што-небудзь, каб здзівіць сваіх блізкіх, але стараюся, каб не пераядалі.
У нас у вёсцы на Мазыршчыне Каляды адзначалі толькі па старым стылі, з 6 студзеня па 19. Малымі мы хадзілі па хатах калядаваць з драўлянай казой, упрыгожанай штучнымі кветкамі і навагоднім «дожджыкам», у якой у такт спевам ляпаў драўляны «язык», калі шморгаць за вяровачку. Людзі былі ў замілаванні, што малыя дзеці так хораша спяваюць па-беларуску, і давалі капейкі ці нават рублі. Маці казала: «Хіба гэта Каляды, вось у наш час былі – з «зоркай», са старымі песнямі, у кажухах вывернутых, усё як у фільме «Вечары на хутары бліз Дзіканькі». А цяпер ужо я кажу: «Вось мы раней казу спявалі, не тое што цяпер».
У нашай сям’і спакваля склаліся свае Калядныя завядзёнкі. Дома мы робім посны вігілійны стол, што цяпер сабраць нескладана, а для дзіцёнка нават забаўна, балазе гэта супадае з памкненнямі трымацца здаровага харчавання. Сёлета асноўная страва на Вігілію – каша з гарбуза і морквы, з рысам, сухафруктамі ды спецыямі. Пад абрус кладзем каліўца сена, каб цягаць з-пад яго пасля саломінкі, варожачы на добры год. У доме мусіць пахнуць елкамі і сенам! Лапнік хваёвы я здабываю на рэштах ёлачных базараў, робім букецікі ў кожны пакой. На вакне, яшчэ за тыдзень, вешаем дыхтоўную «бетлеемку» – дызайнерскую, масіўную драўляную, што жонка колісь прывезла з Аўстрыі. Яе ж сябры, у свой час, падасылалі розных дэкарацыяў з Нямеччыны, якімі, уперамешку з нашымі саламянымі, крышталёвымі ды ільнянымі анёлкамі і мікалайкамі, упрыгожваем кватэру. І вядома ж, пару гірляндаў мігацяць на вокнах. Я выцінаю з паперы разам з дачкою розныя забаўныя дэкарацыі на вокны.
24 снежня імкнемся трапіць на імшу ў касцёл Сымона і Алены, бярэм аплаткі, а пасля далучаемся да працэсіі ў бок помніка Адаму Міцкевічу, дзе ўжо традыцыйна ладзяцца «Калядныя сустрэчы» з дэкламацыямі вершаў. Гэтая ўрачыстасць задае годны і радасны камертон гэтым дням.
Уначы пры свечках глядзім трансляцыі святочных імшыў, разбіраем падарункі, што паскладалі адзін аднаму пад ялінку (старую, штучную, з даўнімі, яшчэ майго дзяцінства, цацкамі). Раніцай – кава, бліны ды аладкі, шкварачкі ды смятанка! Абавязкова ходзім у Архікатэдру, бо, да ўсяго, дзецям там даюць гасцінцы. Ну, і бэтлеемка, сапраўдны ослік – там заўсёды радасць, пераключэнне ад рэчаіснасці ў самым цэнтры Менску. А пасля касцёлу ідзем да бацькоў абменьвацца падарункамі.
На абед дома – нешта загадзя падрыхтаванае. Сёлета, бадай, будзе бараніна тушаная з капустаю, чарнаслівам і яблыкамі. Святы – крыху клопатна, затратна і знясільна, але напаўняе гэтыя дні сэнсам і глыбокім зместам. Ну і помніцца гадамі.
Я дарослы, невясёлы, сумны чалавек, і для мяне, да шчасця ці на жаль, гэтыя святы значаць мала. Адзінае, я разумею, як шмат яны значаць для майго сына. Думаю, мы адзначаем святы роўна гэтаксама, як і іншыя людзі навокал. Хіба што, мой 8-гадовы Ромка вельмі клапоціцца пра прыроду, таму ялінка, якая прыязджае да нас – асаблівая. Спецыяльныя людзі нам яе прывозяць, а потым забіраюць і зноў саджаюць у зямлю ў лесе. Сёлета я прапаную ўвогуле не мучыць дрэваў, а зрабіць ялінку з кніжак. Думаю, так мы і зробім! Усім жадаю быць шчаслівымі.
Вольга Гардзейчык Belsat.eu