Кіраўнік Упраўлення справамі прэзідэнта Віктар Шэйман даў справаздачу Аляксандру Лукашэнку аб выніках свайго візіту ў Зімбабвэ, дзе ён сустрэўся з новым прэзідэнтам краіны Эмерсанам Мнангагва па мянушцы «Кракадзіл».
Прэс-служба прэзідэнта паведамляе, што сустрэча Шэймана і Мнангагвы была «канструктыўнай і плённай». Таксама Шэйман у Зімбабвэ сустрэўся з віцэ-прэзідэнтам і шэрагам міністраў краіны.
У выніку Шэйман падпісаў кантракты на суму каля 58 млн USD, у тым ліку па пастаўках беларускіх трактароў на 43 млн USD і тэхнікі для лясной гаспадаркі на 15 млн USD. Гаворка ішла таксама пра стварэнне зборачных вытворчасцяў беларускай сельскагаспадарчай і горназдабыўной тэхнікі. Акрамя таго, Зімбабвэ хоча закупіць беларускія ўгнаенні на суму каля 10 млн USD.
Па словах Віктара Шэймана, прапрацоўваюцца магчымасці двухбаковай супрацы ў галіне электраэнергетыкі. Плануецца і стварэнне прадпрыемства па здабычы карысных выкапняў. У прыватнасці, беларускія спецыялісты могуць быць задзейнічаны ў геолагаразведцы, здабычы нафты і газу ў Зімбабвэ.
Нагадаем, Мнангагва стаў кіраваць Зімбабвэ пасля дзяржаўнага перавароту ў лістападзе 2017 года, калі з пасады прэзідэнта быў зрынуты Робэрт Мугабэ, што ўзначальваў краіну 27 гадоў.
Калі ў 1980 годзе Мугабэ прыйшоў да ўлады, у Зімбабвэ (былая брытанская калонія Радэзія) была адна з самых моцных эканомік сярод афрыканскіх дзяржаў. Цяпер краіна ўваходзіць у трыццатку самых бедных у свеце. Рэжым Мугабэ абвінавачваюць у чорным расізме, катаваннях і забойствах палітычных апанентаў, карупцыі і фальсіфікацыі выбараў. Праўда, у Мнангагвы рэпутацыя не лепш – за сваю жорсткасць у часы грамадзянскай вайны ён атрымаў мянушку «Кракадзіл», а падчас прэзідэнцтва Мугабэ ўзначальваў спецслужбы і асабіста кіраваў палітычнымі рэпрэсіямі ў Зімбабвэ.
КА, belsat.eu