У Менску на пляцоўцы «Пясочніца» адбыўся паказ фінальнай серыі культавага серыялу «Гульня тронаў». Арганізатары не памыліліся, і стаўка на прагляд апошняга сезону спрацавала: месцаў усім ахвотным не хапіла, людзі неслі свае складныя крэслы і перацягвалі паддоны ад фуд-кортаў бліжэй да экрану.
Сумесны прагляд апошняй серыі «Гульні тронаў» наведалі і карэспандэнты «Белсату», каб пачуць з першых вуснаў уражанні фанатаў серыялу.
«Супярэчлівыя эмоцыі. Спадабалася, што серыял нарэшце скончыўся. Але 8-ы сезон быў зліты, я нават падпісвала петыцыю, каб яго перазнялі. Я разумею, што гэта наўрад ці адбудзецца, але выразіць сваю грамадзянскую пазіцыю трэба, бо стала крыўдна за свой любімы серыял. Карцінка была прыгожая, але без логікі», – кажа Вольга, якая прыйшла на агульны прагляд разам з сабачкам.
Фанатка таксама кажа, што не можа вылучыць з серыялу добрых ці злых персанажаў, бо яны ўсе выклікаюць супярэчлівыя эмоцыі.
«Я думала, што ўсё па-іншаму скончыцца. І вельмі хочацца яшчэ, бо гэта вельмі круты серыял. Цікавы сюжэт, заблытаны, з нечаканымі паваротамі, ёсць над чым падумаць. На вышэйшым узроўні тут касцюмы і спецэфекты. Ведаю, што фанаты патрабуюць працягу і перазняць апошні сезон. Было б добра», – кажа Настасся.
Дарэчы, у інтэрнэце фанаты серыялу «Гульня тронаў» зараз падпісваюць петыцыю, каб апошні сезон серыялу быў перазняты. На абед аўторка было сабрана больш за 1,3 млн подпісаў!
«А мне не спадабалася. Яны ў 3 і 4 серыі нагналі шмат усяго, і стала зразумелым, што ў 6-й будзе ўсё сумбурна. Па выніку мы нічога не атрымаем. То бок яны за 7 сезонаў далі шмат інфармацыі і за 6 серыяў апошняга сезону не атрымалася нічога патлумачыць. Не зразумела, адкуль такі бум на серыял. Папулярнасць, лічу, ён набыў пасля 5 сезону, але з якой прычыны – не ведаю, проста раптам усе яго пачалі глядзець», – кажа Сяргей.
Кірыл, які таксама прыйшоў у «Пясочніцу» на агульны прагляд апошняй серыі «Гульні тронаў», кажа, што серыя была зацягнутая і выглядала не крывавай, як мінулая, а хутчэй больш дэмакратычнай. Ксенія пасля прагляду шостай серыі восьмага сезону таксама мае супярэчлівае стаўленне да таго, што пабачыла. Серыял пачаў дзівіць сюжэтнымі паваротамі з 6-га сезону, калі пайшлі разыходжанні з раманам.
«Тут мяне часам вельмі бамбіла. Сюжэт трымаецца на шматлікіх прароцтвах, а тут іх выкінулі ў смецце. Усё развіццё некаторых персанажаў пайшло кату пад хвост.
Але канец агулам парадаваў. Яшчэ Джордж Марцін абяцаў «горка-салодкі фінал» – і мы яго атрымалі. Вялікае зло пакаранае, добрыя – ва ўладзе. Але прасвету не бачна».
Амерыканскі тэлесерыял у жанры фэнтэзі заснаваны на рамане «Песнь Лёду і Агню» Джорджа Р. Р. Марціна. Першую серыю свет пабачыў 17 красавіка 2011 года, а апошняя выйшла сёлета 19 траўня. За гэты час ён быў адзначаны шматлікімі ўзнагародамі і нарабіў шмат шуму сярод крытыкаў за процьму ненарматыўнай лексікі, рэалістычных сцэнаў забойстваў і эротыкі.
Марыя Арцыбашава, фота Ірына Арахоўская belsat.eu